Дар’я Уладзіміраўна Домрачава
(03.08.1986)
Беларуская біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету, уладальніца Кубка свету, уладальніца 6-ці малых Крыштальных глобусаў Кубка свету па біятлоне, заслужаны майстар спорту, Герой Беларусі.
Дар'я Домрачава нарадзілася 3 жніўня 1986 года ў Мінску ў сям'і архітэктараў. Праз чатыры гады разам з бацькамі з'ехала ў Сібір, у горад Нягань. Займалася танцамі і баскетболам, у 1992 годзе, услед за старэйшым братам, пачала займацца лыжнымі гонкамі. Праводзячы практычна ўвесь свой час на трэніроўках, зборах і спаборніцтвах, вучылася ў школе на “добра” і “выдатна”. Летнія канікулы праводзіла ў Мінску.
У 1999 годзе пачала займацца біятлонам. Першым трэнерам спартсменкі стаў Альберт Мусін.
Скончыла гімназію, паступіла на 2-гі курс Цюменскага ўніверсітэта (факультэт спартыўны менеджмент). У 2003 годзе пераехала з сям'ёй назад у Мінск. У БДЭУ не было факультэта спартыўнага менеджменту, таму Домрачава перайшла на кафедру ўпраўлення турызмам. У 2009 годзе абараніла дыплом па тэме “Рэклама ў індустрыі турызму”.
У гэтым жа годзе зноў стала студэнткай БДЭУ па спецыяльнасці “Гаспадарчае права” і ў 2015 годзе атрымала другі дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Знаходзілася ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне з 2006 па 2018 год. За сваю спартыўную кар’еру паставіла сусветны рэкорд па колькасці заваяваных узнагарод сярод біятланістак.
За гады сваёй спартыўнай кар’еры яна 81 раз паднімалася на п’едэстал. У яе скарбонцы 34 першыя месцы, 23 другія і 24 трэція месцы. Першы медаль на Алімпійскіх гульнях беларуская спартсменка атрымала ў Ванкуверы ў 2010 годзе.
У 2014 годзе на гульнях у Сочы выйграла тры ўзнагароды вышэйшай пробы (праследаванне, індывідуальная гонка, мас-старт).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 66 ад 17 лютага 2014 года “за высокае прафесійнае майстэрства і выключныя спартыўныя дасягненні” Дар’і Домрачавай прысвоена званне “Герой Беларусі”. Выдатная спартсменка стала першай у гісторыі краіны жанчынай, якая ўдастоена гэтага ганаровага тытула.
У 2016 годзе выйшла замуж за нарвежскага біятланіста. Сям’я выхоўвае 2-х дзяцей.
У 2018 годзе ў Пхенчхане Дар'я Домрачава заваявала сваё чацвёртае алімпійскае золата ў эстафетнай гонцы. Гэтая ўзнагарода зрабіла па выніку яе самай тытулаванай біятланісткай у свеце.
Зорка беларускага біятлона Дар’я Домрачава ўзнагароджана вышэйшым знакам прызнання ў лыжным спорце Нарвегіі – медалём Холменколена, які ўручаецца з 1895 года. За гісторыю толькі восем біятланістаў удастойваліся гэтай узнагароды.




