pcpi6

Стэфанія Станюта17712415461394

 

(30.04.1905 – 6.11.2000)

 

Легенда беларускай сцэны, знакамітая актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народная артыстка Беларусі, народная артыстка Савецкага Саюза, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і Дружбы народаў

 

Стэфанія Станюта нарадзілася ў Мінску ў 1905 годзе ў сям'і мастака Міхася Станюты. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца вядомы партрэт Стэфаніі Станюты, напісаны яе бацькам ў 1923 годзе, калі актрысе было 18 гадоў. Стэфанія Міхайлаўна прызнавалася, што сама ініцыявала напісанне партрэта, сказаўшы аднойчы бацьку: “Як гэта ў цябе да гэтага часу няма майго партрэта?”. Сама прыдумала сабе вобраз, перавязаўшы валасы, заплеценыя ў косы, слуцкім паяском, а ў якасці фону павесіла размаляваную, у кветках, цыганскую хустку.

Стэфанію ў 15 гадоў прынялі харысткай і танцоркай у трупу Першага беларускага таварыства драмы і камедыі Фларыяна Ждановіча, якое стала пазней Беларускім дзяржаўным тэатрам, папярэднікам тэатра імя Янкі Купалы, і яе адзіным за ўсё жыццё месцам працы.

Першую ролю Стэфанія адыграла ў 16 гадоў. Прыдумала сабе псеўданім Алёна Сумная. Адукацыю атрымала  – лепш не бывае – з першых рук, ужывую, ад Таірава, Меерхольда, Вахтангава, Неміровіча-Данчанкі, бо беларускіх артыстаў-пачаткоўцаў запрасілі ў Маскву і вучылі акцёрскаму майстэрству на базе мастацкага драматычнага тэатра, заснаванага К.С. Станіслаўскім. Стэфанія Станюта, успамінаючы той час, казала: “Я была, як шчаня, якому ўсё цікава, і хапала з усіх бакоў усё, што магла…”. Аднолькава добра грала і дзяўчыну, і хлопца, прыляпіўшы вусікі.

Якуб Колас сваёй рукой занёс у альбом юнай дзяўчыны Стэфаніі з незвычайнымі, рэзкімі, вуглаватымі рысамі твару, напісаўшы прысвячэнне “Стэфцы Станюце. На памяць”. А яна называла яго паважліва-ласкава “дзядзька Колас”. У яе альбомчыку пакінуў верш-аўтограф Цішка Гартны, пазначыў свае радкі цёплым “На добрую памяць” Змітрок Бядуля.

Лёс Стэфаніі Міхайлаўны змясціў найскладанейшае і найцяжэйшае жыццё ўсяго ХХ стагоддзя. Перад вачыма гэтай цудоўнай мудрай жанчыны з царскай выправай і лёгкай хадой прайшлі гістарычныя змены.

Стэфаніі Станюце лёс адпусціў 95 гадоў. 70 гадоў правяла на тэатральнай сцэне Беларусі. На творчым рахунку Стэфаніі Міхайлаўны амаль 300 роляў у тэатры (каля 200 з іх – на сцэне Купалаўскага тэатра), звыш 70 – у кіно.

Здымалася ва ўсіх кінастудыях СССР. Яна грала сялянак і шляхцянак аднолькава пераканаўча, хаця пра сельскае жыццё, будучы заўсёды жыхаркай горада, ведала няшмат.

Творчасці Станюты ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію вобраза, эмацыйнасць, выразнасць слова, жэсту, мімікі, яркая камедыйнасць, умелае выкарыстанне іроніі і гратэску.

Стэфанія Станюта стварыла шэраг народных характараў, у якіх падкрэсліла мудрасць, актыўную жыццёвую пазіцыю, сувязь з зямлёй, душэўную шчодрасць і чалавечнасць. Яе ролі былі рознымі, але нязменна геніяльнымі.

Стэфанія Станюта ўдастоена самых высокіх званняў: народная артыстка Беларусі, народная артыстка Савецкага Саюза, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, узнагароджана медалём Францыска Скарыны, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і Дружбы народаў. Яе называлі жывой легендай, талісманам Купалаўскага тэатра. Пры гэтым сама Стэфанія Станюта была неверагодна сціплым і сарамлівым чалавекам.