pcpi6

Францішка Уршуля Радзівіл1771239571356c

(13.02.1705 – 23.05.1753)

 

Апошняя прадстаўніца роду Вішнявецкіх, першая жанчына-драматург у Беларусі. Валодала некалькімі еўрапейскімі мовамі, пісала вершы. Кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка пасля разбуральных войнаў са Швецыяй

 

 

Францішка Уршуля Радзівіл нарадзілася 13 лютага 1705 года ў Старым Чартарыйску (зараз гэта Валынская вобласць Украіны). Князь Януш Антоні Вішнявецкі і яго жонка Тэафілія Ляшчынская душы не чулі ў сваёй адзінай дачцэ, забяспечылі ёй выдатную хатнюю адукацыю – яна валодала некалькімі еўрапейскімі мовамі, добра разбіралася ў літаратуры, пісала вершы.

У 1725 годзе Францішка Уршуля выйшла замуж за Міхала Казіміра Радзівіла па мянушцы “Рыбанька”. У шлюбе нарадзіла чацвярых дзяцей.

Жыццё ў Нясвіжскім замку таго часу проста біла ключом: святы, банкеты, паляванні, шэсці, парады і балі. Францішка дадала яшчэ і тэатр. Ідэя з'явілася пасля таго, як аднойчы ў Нясвіж прыехалі замежныя гастралёры, якія паставілі спектакль паводле п'есы “Прыклад справядлівасці”. Але Уршулі так не спадабаўся гэты паказ, што яна вырашыла стварыць свой тэатр. Спачатку рабілі пастаноўкі камедый Мальера, Вальтэра, п'ес іншых еўрапейскіх аўтараў, затым Францішка стала пісаць свае творы і ставіць па іх спектаклі. Першая камедыя “Дасцiпнае каханне” ў духу італьянскай Commedia dell arte з песнямі і танцамі была напісана да 44-годдзя Рыбанькі.

Амаль штогод з-пад пяра княгіні з’яўлялася па некалькі новых п’ес, якія мелі павучальны сэнс. У адных Францішка Уршуля гаварыла аб неабходнасці адукацыі, у другіх – асуджала няверных мужоў ці захаплялася жаночай дабрачыннасцю, шчырасцю. Аднак дамінуючай тэмай яе драматургіі было каханне. Аб гэтым сведчаць нават красамоўныя назвы п’ес: “Каханне – зацікаўлены суддзя”, “Каханне – дасканалы майстар”, “Дасціпнае каханне” і інш. Пісьменніца нават спрабавала свае магчымасці ў напісанні оперных лібрэта.

Пастаноўкі п’ес Францішкі Уршулі Радзівіл адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Экспазіцыя Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу сведчыць: тэатр княгіні Радзівіл быў абсталяваны найскладанейшымі машынамі таго часу – рухомай сцэнай, апаратам “чароўны ліхтар” для стварэння фігур-ценяў, тэатральнымі машынамі, якія нагняталі паветра для імітацыі дажджу, ветру, плыні вады і шматлікімі іншымі ўзорамі найлепшай еўрапейскай профільнай апаратуры таго часу.

У перыяды адсутнасці князя Міхала Казіміра Радзівіла ў Нясвіжы яна асабіста займалася вырашэннем гаспадарчых пытанняў, кіравала рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка, упарадкавала і папоўніла бібліятэку да 9000 тамоў, аднавіла друкарню. Вельмі рэдка пакідаючы Нясвіж, Уршуля Радзівіл разгарнула вялікую культурна-прапагандысцкую і хрысціянска-асветніцкую дзейнасць. Літаратурны талент і здольнасці да прыгожых мастацтваў дазволілі княгіні Францішцы ў дастаткова кароткі тэрмін зрабіць Нясвіж адным з цэнтраў культурнага жыцця ў дзяржаве.

Творчая спадчына княгіні Радзівіл з'яўляецца каштоўным гісторыка-літаратурным дакументам. Яна складаецца з 80 вершаў, 16-ці трагедый і камедый. Творы Францішкі Уршулі былі надрукаваны пасля яе смерці восенню 1754 года асобнай кнігай на добрай паперы, аздоблены меднымі гравюрамі.