pcpi6

Ларыса Пампееўна Александроўская177130789254df 

(15.02.1904 – 23.05.1980)

 

Беларуская оперная спявачка, тэатральны рэжысёр, грамадскі дзеяч. Народная артыстка Беларускай ССР, народная артыстка СССР

 

Ларыса Пампееўна Александроўская нарадзілася ў 1904 гаду ў Мінску ў сям’і чыгуначніка. У 1924 годзе паступіла ў Мінскі музычны тэхнікум. Выпускная праца спявачкі – партыя Маргарыты з оперы “Фаўст” Шарля Гуна, якую яна выканала на беларускай мове.

У 1927 годзе яе накіравалі прадстаўляць беларускую песню на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне, тэма якой была вызначана як “песня і танец у жыцці народаў свету”. Маладая, прыгожая, таленавітая, яна ўразіла еўрапейцаў.

Пасля вяртання на радзіму адбыліся справаздачныя канцэрты Александроўскай, якія літаральна зачаравалі публіку. А праз год ужо яна гастралявала ў Францыі, у Вялікабрытаніі, Швецыі, Балгарыі, Румыніі і іншых краінах.

Беларускія народныя песні ў яе выкананні пастаянна гучалі на радыё, якое ў даваенны час было адной з асноўных крыніц інфармацыі.

Калі ў 1933 годзе Беларускі тэатр оперы і балета адкрыўся спектаклем “Кармэн”, Ларыса Аляксандроўская выканала ў ім галоўную партыю. Нарадзіўся беларускі оперны тэатр і ўзышла зорка яго першай прымы.

Яе голас называлі незабыўным, яе імя грымела па ўсім Савецкім Саюзе. Яе любілі, ёю захапляліся. Публіка называла яе “беларускім салаўём”. Кампазітары прысвячалі ёй рамансы і песні.

У 1935 годзе менавіта Ларыса Пампееўна выбрала ў самым сэрцы Мінска, на Траецкай гары, месца для ўзвядзення новага будынка тэатра оперы і балета. У наступныя гады многія спектаклі ў тэатры ставіліся з улікам  выдатных вакальных і акцёрскіх здольнасцей артысткі. Сярод самых яркіх вобразаў Ларысы Александроўскай – шолахаўская Аксіння ў оперы “Ціхі Дон” І. Дзяржынскага, пушкінскія Таццяна і Ліза ў “Яўгеніі Анегіне” і “Пікавай даме” П. Чайкоўскага, Яраслаўна ў “Князе Ігары” А. Барадзіна, Любаша ў “Царскай нявесце” М. Рымскага-Корсакава.

У час Вялікай Айчыннай вайны Ларыса Пампееўна выступала ў складзе франтавых канцэртных брыгад перад салдатамі, у шпіталях і партызанскіх атрадах, на абаронных заводах.

У 1950–1960 гадах Ларыса Александроўская не толькі салістка, але і галоўны рэжысёр Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Вытанчаны мастацкі густ, магутны творчы тэмперамент, глыбокія веданне сцэны дазволілі ёй ажыццявіць у тэатры пастаноўку арыгінальных і цікавых твораў нацыянальных і замежных кампазітараў. Да прыкладу, “Аіда” Дж. Вердзі, пастаўленая Ларысай Пампееўнай у 1953 годзе, з поспехам ішла ў тэатры да 2008 года – 55 сезонаў!

Ларыса Александроўская была ініцыятарам стварэння і старшынёй Беларускага тэатральнага аб'яднання.

Ларыса Пампееўна Александроўская памерла ў 1980 годзе. Пра яе напісаны кнігі і зняты фільмы.

Яе імя ўпісана ў гісторыю нацыянальнага мастацтва. Многія гады гэтая жанчына заставалася сімвалам беларускай культуры, візітнай карткай Беларусі. Яна першая ганаравана званнем народнай артысткі БССР. Першая з беларускіх жанчын атрымала званне народнай артысткі СССР. Стала першай жанчынай-рэжысёрам оперы, стаяла ля вытокаў беларускай опернай школы.

Імем легендарнай спявачкі названа камерная зала Вялікага тэатра Беларусі.