Еўфрасіння Полацкая 
(магчыма 05.01.1104 – 23/25.05.1167)
Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава – князёўна, манахіня, ігумення манастыра Святога Спаса ў Полацку, паломніца, асветніца, мецэнатка і кананізаваная святая
Нарадзілася каля 1101 г. (не пазней 1104) у Полацку ў князеўскай сям’і. Яе бацькам быў малодшы сын Усяслава Чарадзея Святаслаў-Георгій. Усяславава ўнучка з ранніх гадоў уражвала сваёй прыгажосцю і здольнасцямі да навукі. У тым часе дзяцінства было кароткае: у дванаццаць гадоў князёўна ўжо лічылася нявестай. Бацькі збіраліся аддаць Прадславу замуж за каго-небудзь з князевічаў, якія прысылалі ў Полацак сватоў, але яна абрала іншы шлях.
Князёўна таемна прыняла ў 12-гадовым узросце манаскі пострыг, атрымала імя Еўфрасіння, што ад старажытнагрэчаскага слова “эўфрасіна” азначае “радасць”, і пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора. Там яна перапісвала кнігі ў скрыпторыі пры саборнай бібліятэцы, вяла Полацкі летапіс, рабіла пераклады з грэчаскай і лацінскай моў, пісала ўласныя творы. Па некаторых звестках, сярод яе шматлікіх асабістых казанняў, малітваў, асобнае месца займае еўфрасіннеўскае Полацкае евангелле, якое, на жаль, да нашага часу не дайшло.
Еўфрасіння ініцыявала будаўніцтва жаночага Спаскага манастыра, мужчынскага Багародзіцкага манастыра, царквы Святой Багародзіцы, Спаскага сабора. Па ацэнцы сучасных навукоўцаў гэта стала найбуйнейшай падзеяй полацкага дойлідства таго перыяду.
Пры жыцці святой Еўфрасінні Спаса-Праабражэнскі храм быў распісаны фрэскамі, якія захаваліся да нашых дзён. З іменем Еўфрасінні звязваецца набыццё Полацкім Сафійскім саборам абраза Багародзіцы Эфескай. На той час існавалі толькі тры такія абразы і лічылася, што пры жыцці Дзевы Марыі гэтыя абразы стварыў апостал Лука.
Еўфрасіння Полацкая з’яўляецца натхніцелькай стварэння знакамітага каштоўнага Крыжа, які па яе замове быў створаны майстрам-ювелірам Лазарам Богшай. Зроблены ў 1161 годзе, Крыж уяўляў сабой каўчэг, у якім знаходзіліся вялікія хрысціянскія святыні, прывезеныя з Іерусаліма і Канстанцінопаля. Ён быў выкананы з кіпарысу, абабіты залатымі і срэбранымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 абразкамі. На адваротным баку Крыжа майстар адлюстраваў сваё імя, па баках – надпіс-завяшчанне святой полацкай ігуменні: «Да не изнесется из монастыря никогда же, яко ни продати, ни отдати. Аще се, кто преслушает, изнесет его из монастыря, да не будет ему помощник честный крест ни в сей век, ни в будущий».
Нягледзячы на такую засцярогу, Крыж неаднаразова вывозіўся за межы Полацка. У 1941 годзе ён бясследна знік. І толькі ў 1997 годзе Крыж быў адноўлены і перададзены ў Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр.
На зыходзе гадоў Еўфрасіння Полацкая пажадала здзейсніць паломніцтва ў Іерусалім. У дарогу яна адправілася зімой 1173 года, а ў маі дасягнула сцен Іерусаліма. Неўзабаве прападобная цяжка захварэла.
Еўфрасіння Полацкая была пахавана ў манастыры св. Феадосія, непадалёку ад Іерусаліма. У 1187 годзе яе мошчы была перапахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. І толькі ў 1910 годзе былі перавезены ў Полацк. Зараз мошчы Святой Еўфрасінні знаходзяцца ў яе царкве.
У 2000 годзе ў Полацку быў усталяваны помнік Еўфрасінні Полацкай.
Штогод 5 чэрвеня хрысціянскі свет святкуе дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы зямлі беларускай. Гэта адзіны дзень у годзе, калі праводзіцца святочнае богаслужэнне ў Сафійскім саборы. Пасля ўрачыстай літургіі ўдзельнікі хрэснага ходу праходзяць ад сабора да Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Некалі такім жа шляхам прайшла і знакамітая ігумення.




