Таццяна Васільеўна Бірыч 
(10.01.1905 – 28.01.1993)
Легенда афтальмалогіі, першая жанчына-прафесар у БССР, галоўны афтальмолаг Беларусі, член-карэспандэнт АН БССР, доктар медыцынскіх навук, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі БССР, заслужаны ўрач БССР. “Чалавек павінен бачыць” – менавіта гэтыя словы сталі жыццёвым дэвізам Таццяны Васільеўны Бірыч
Таццяна Васільеўна Бірыч нарадзілася ў 1905 годзе ў Лошніцы Барысаўскага павета Мінскай губерні, у шматдзетнай сям'і народнага настаўніка і акушэркі. Яе бацька жыў па прынцыпе “Усё для людзей” – так вучыў жыць і сваю дачку. Спачатку яна пайшла па слядах бацькі-педагога. Скончыўшы трохгадовыя педагагічныя курсы, працавала настаўніцай пачатковай школы. Але па накіраванні камсамола БССР паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, што вызначыла ўсё яе далейшае жыццё.
Пасля заканчэння медфакультэта працавала ардынатарам у Мінскай афтальмалагічнай клініцы і адначасова працягвала вучобу ў аспірантуры АН БССР. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю ў Маскве ў 1937 годзе, яна пачала працаваць дацэнтам кафедры захвораванняў вачэй Мінскага медінстытута, перадаючы свой вопыт будучым урачам.
У перадваенныя гады Таццяна Васільеўна асвоіла наватарскія методыкі трансплантацыі рагавіцы і лячэння зрокавых захворванняў у знакамітай клініцы акадэміка У.П. Філатава ў Адэсе. Там яна, разам са сваім настаўнікам, праводзіла ўнікальныя аперацыі для свайго часу. У Мінску укараніла гэтыя перадавыя метады ў клінічную практыку беларускай медыцыны.
У час Вялікай Айчыннай вайны Бірыч узначальвала зрокавае аддзяленне Саратаўскага шпіталя. За чатыры ваенныя гады правяла мноства аперацый.
У 1945 годзе, вярнуўшыся ў Мінск, доктар Бірыч паспяхова пачала лячыць туберкулёз вока ўласным метадам.
У 1947 годзе паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю. Ёй было прысвоена вучонае званне прафесара па захвораванням вачэй.
Таццяна Васільеўна узнагароджана ордэнамі: Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Яе ўклад у навуку цяжка пераацаніць. Але галоўнай у гэтай жанчыне была глыбокая вера ў дабро, імкненне жыць дзеля іншых і для іншых.




