pcpi6

Людміла Генрыхаўна Бржазоўская17713075710f77.png

(04.01.1946 – 06.12.2023)

 

Легенда беларускага балета, балетны педагог, народная артыстка Беларускай ССР

 

 

Людміла Бржазоўская нарадзілася ў Мінску 4 чэрвеня 1946 года ў сям'і беларускага мастака-жывапісца Генрыха Бржазоўскага.

Скончыла Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, з 1966 года працавала артысткай балета ў беларускім Вялікім тэатры. Стала адной з самых яркіх зорак беларускай балетнай сцэны. Кожная яе партыя была высокім творчым дасягненнем, сваеасаблівым мастацкім адкрыццём. Яна была першай выканаўцай ролі Кармэн у спектаклі “Кармэн-сюіта”, Евы ў “Стварэнні свету”, Неле ў балеце “Тыль Уленшпігель”, Машы ў “Шчаўкунчыку” і іншых спектаклях, пастаўленых на беларускай сцэне Валянцінам Елізар'евым.

Здымалася ў тэлевізійных варыянтах класічных балетаў “Лебядзінае возера” і “Жызэль”, “Шчаўкунчык”, “Камерная сюіта”.

У 1975 годзе Людміле Генрыхаўне Бржазоўскай было прысвоена званне народнай артысткі Беларусі. Таленту балерыны апладзіравалі гледачы больш чым у 30 краінах свету: Венгрыі, Фінляндыі, Індыі, Манголіі, Іарданіі, Румыніі, Польшчы, Турцыі і іншых.

Аб Людміле Бржазоўскай захоплена пісалі журналісты і крытыкі. Яе называлі “ідэалам танцаўшчыцы”, “чараўніцай рухаў”, “багіняй танца”.

Мастакоў натхняла вытанчаная і адухоўленая прыгажосць гэтай жанчыны. Калі сабраць усе партрэты Людмілы Бржазоўскай, якія пісалі: бацька Генрых Францавіч Бржазоўскі, Аляксандр Шастакоў, Барыс Забораў, Аляксандр Ісачоў і іншыя, атрымаецца раскошная экспазіцыя.

Знакаміты скульптар Заір Азгур гаварыў, што “танец Людмілы Бржазоўскай – ланцуг імгненнасцей, з якіх складаецца споведзь неабыякавага і гарачага сэрца… Яна сама – твор мастацтва”.

Ёю захапляўся знакаміты італьянскі рэжысёр Франка Дзефірэлі. Яе часта параўноўвалі з галівудскай зоркай Одры Хэпберн.

Вялікі талент, працаздольнасць, надзвычай шырокі рэпертуар па праве ўзнеслі яе да вяршыняў поспеху і прызнання. Вытанчаная прыгажосць створаных ёю вобразаў – эталон для класічнага і сучаснага балетнага мастацтва.

Людміла Генрыхаўна Бржазоўская выкладала ў Беларускім харэаграфічным вучылішчы, працавала на кафедры харэаграфіі Беларускай акадэміі музыкі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, педагогам-рэпетытарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Яна дзялілася сваім вопытам, дапамагала дасягнуць высокага прафесіяналізму маладым талентам.

Шматгадовая дзейнасць артысткі на карысць айчыннай культуры – яркая старонка ў гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі.

У 2000 годзе ёй была прысуджана прэстыжная міжнародная прэмія ў намінацыі “Жыццё ў мастацтве”.

Людміла Генрыхаўна Бржазоўская памерла ва ўзросце 77 гадоў.