Нінэль Іванаўна Шчасная
(25.10.1933 – 15.05.2013)
Беларускі жывапісец і графік, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Атрымала шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой
Нінэль Шчасная нарадзілася ў Полацку ў сям'і выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры. Яе дзяцінства прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны.
У 1946 г. сям’я пераехала ў зруйнаваны Мінск, дзе Нінэль Шчасная скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер – Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава), факультэт жывапісу Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна (цяпер – Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў імя І.Я. Рэпіна). Вучылася ў В. Арэшнікава, А. Мыльнікава, У. Крохалева, В. Цвіркі.
Пасля заканчэння вучобы 5 гадоў жыла ў Душанбэ. Менавіта там пачала свой працоўны і творчы шлях: займалася афармленнем інтэр’ераў сучасных пабудоў, рэстаўрацыяй помнікаў дойлідства.
Але па-сапраўднаму талент мастачкі раскрыўся на радзіме, куды яна вярнулася ў 1965-м. У той жа год у яе нарадзілася дачка Лада, якая таксама, як і маці, абрала шлях мастацтва.
З 1963 года Нінэль Шчасная – член Саюза архітэктараў, з 1966 года – член Саюза мастакоў СССР. З 1964 года – удзельніца мастацкіх выставак.
Нінэль Іванаўна імкнулася паказаць сувязь са сваёй зямлёй і родам, што можна ўбачыць на прыкладзе работ “Мая бабуля Ліда”, “Бабуліны казкі”, “Маё нараджэнне ў Сафіі Полацкай”, “Кліч (дадому ў Полацак)” і інш.
Галоўнае месца ў яе творчасці – ўзаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем, прыродай, космасам.
Яна стварыла партрэты звязаных з Полацкам гістарычных асоб: Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, серыю партрэтаў плеяды беларускіх пісьменнікаў: Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і інш. Шчаснай пазіравалі Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў.
Сярод работ мастачкі ёсць творы, прысвечаныя ваеннай тэме – “Налібоцкая пушча 1944 года”, “Холад смерці”, “Толькі яго нявеста”, “Вярнуўся” і інш., а таксама тэме Чарнобыля – “Чарнобыльская Мадонна”.
Нінэль Шчасная аформіла больш за 30 кніг – “Калінавая рукавічка” А. Васілевіч, “Матрошкіны казкі” І. Бурсава, “Рудая палянка” Д. Бічэль-Загнетавай, “Крылы” М. Хведаровіча, “Птушка сінязорка” Г. Дзмітрыева, “Заручыны” П. Макаля, “Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй” А. Лойкі і інш.
Яна заснавала новы від роспісу па шкловалакне, стала распрацоўшчыкам унікальных вітражоў. Сярод самых вядомых кампазіцый – “Вада”, “Неба”, “Агонь”, “Зямля”, трыпціхі “Птушкі ў садзе”, “Птушкі ў небе”.
Работы мастачкі характарызуюцца мяккасцю і лірызмам светаадчування, выразнай тэхнікай, арыгінальнасцю каляровых рашэнняў. Многія з іх знаходзяцца ў музеях, галерэях, прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.
Адзінаццаць прасторавых кампазіцый уключаны ў дзяржаўны Рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
У 2001 годзе выжадзены альбом Нінэль Шчаснай “Искры моей жизни”, у які ўвайшло больш за 300 твораў.
Нінэль Іванаўна Шчасная адзначана шэрагам узнагарод, сярод якіх медалі ВДНГ, “Ветэран працы”, “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”. Яна ўдастоена званняў заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.
Памёрла Нінэль Іванаўна 14 мая 2013 года.
Гэтая жанчына была загадкавай кнігай для ўсёй культуры Беларусі. Яе мастацкі талент, інтэлегентная падача проста ўражвалі суразмоўцаў і гледачоў.
Чалавек вялікага, шматграннага і светлага таленту, Нінэль Шчасная пакінула яркі след у гісторыі айчыннай культуры. У яе жывапісных палотнах, графічных і манументальных творах з уражальнай мастацкай сілай увасоблены цэлы свет хараства, рамантыкі, гармоніі і ўзвышаных пачуццяў.
Яе творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага Саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і іншых музеях Мінска, Полацка.
Творчасць Нінэлі Шчаснай, якая стала адной з візітных картак сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, атрымала шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой.




