pcpi6

Разалія Захараўна Фрыдзон17712417116d1f

(02.02.1903 – 22.05.1976)

 

Удзельніца Другой сусветнай вайны, падпольшчыца, камандзір легендарнага жаночага партызанскага атрада “Радзіма”, лейтэнант французскай арміі

 

Гісторыя яе жыцця і подзвігу незвычайная. Нарадзілася Разалія Захараўна ў 1903 годзе ў вёсцы Ліцвінава Полацкага раёна Віцебскай вобласці.

У 1920 годзе пачала працаваць машыністкай у Полацкім акруговым савеце прафсаюзаў. З 1926 года – старшыня акруговага саюза савгандальслужачых.

З 1937 па 1940 год працавала загадчыкам аддзела пісьмаў у газеце “Большевик Белоруссии” ў горадзе Барысаў.

У 1941 годзе стала інструктарам РК КП(б)Б і загадчыкам аддзела аховы здароўя горада Дзяржынск Мінскай вобласці.

У гэты час была ўжо замужам за Давідам Ісакавічам Фрыдзонам. Яны з мужам працавалі на партыйнай рабоце, гадавалі дачку Элеанору.

Давід Ісакавіч на фронт пайшоў у першыя дні вайны. Застаўшыся па акупіраванай тэрыторыі, Разалія Фрыдзон з дачкой з ялікімі цяжкасцямі прабралася ў Мінск. Знаёмая беларуска запісала яе дачку, каб выратаваць, у свой пашпарт. Сама Разалія таксама змяніла пашпарт і стала Кацярынай Сямёнавай. Працавала санітаркай у інфекцыйнай бальніцы.

“Цётка Каця” стала сувязной мінскага падполля. Са жніўня 1942 па студзень 1943 г. – сувязная партызанскага атрада імя С. Будзёнага брыгады імя П. Панамарэнкі. Уваходзіла ў склад дыверсійна-разведвальнай групы «Родныя». У снежні 1943 года яе арыштавалі і кінулі ў турму, доўга катавалі.

У лютым 1944 года Разалія патрапіла ў канцэнтрацыйны лагер Эрувіль, які знаходзіўся ў Францыі. Цяжка ўявіць, што адчувала жанчына ўдалечыні ад дома, не ведаючы пра лёс сваёй дачкі і мужа. Якую трэба мець волю, каб цярпець такі душэўны боль і не зламацца.

Цяжка было і фізічна: даводзілася працаваць пад зямлёй у шахтах. Аднак пастаянная падтрымка французскіх сяброў дапамагла выжыць у нечалавечых умовах.

Насуперак цяжкім выпрабаванням жанчыны-вязні аб'ядналіся і стварылі падпольны камітэт. Яны распаўсюджвалі сярод зняволеных улёткі і газеты, дапамагалі арганізоўваць уцёкі, а ў ноч з 7 на 8 мая 1944 гада самі здзейснілі ўцёк і арганізавалі жаночы партызанскі атрад “Радзіма”. Разалія Фрыдзон стала адным з камандзіраў гэтага атрада.

Існаванне асобнага жаночага савецкага партызанскага атрада, тым больш на французскай зямлі, – унікальны выпадак у гісторыі Супраціўлення. У прысязе, якую прымаў увесь асабісты склад атрада, гаварылася: “Выконваючы свой абавязак перад Радзімай, я адначасова абавязваюся сумленна і самааддана служыць інтарэсам французскага народа, на чыёй зямлі я абараняю інтарэсы сваёй Радзімы. Усімі сіламі я буду падтрымліваць маіх братоў-французаў у барацьбе супраць агульнага ворага – нямецкіх акупантаў”.

Жанчыны з атрада “Радзіма” вялі разведку ў бліжэйшых сёлах, назіралі за рухам па шашы і чыгунцы, за перамяшчэннямі па іх фашысцкіх воінскіх падраздзяленняў.

Калі фашыстаў выгналі з Латарынгіі, атрад “Радзіма” быў запрошаны ў Вердэн, дзе савецкіх партызанак сустрэлі прывітаннямі і кветкамі. Перад строем атрада зачыталі загад французскага камандавання аб прысваенні звання лейтэнанта арміі Супраціўлення Разаліі Фрыдзон.

Пасля вызвалення Францыі Фрыдзон працавала сакратаром консульскага аддзела савецкага пасольства ў Парыжы.

У верасні 1945 года вярнулася ў Беларусь, дзе сустрэла мужа і дачку. Сям'я пасялілася ў Баранавічах.

У 1953–1955 гадах узначальвала гарадскі камітэт Чырвонага Крыжа. У 1955 годзе з’ехала з мужам на засваенне цалінных земляў. Вярнулася ў Баранавічы ў 1960 годзе і ўзначаліла працу па патрыятычнаму выхаванню ў гарадской партыйнай арганізацыі.

У 1966 годзе прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь, які знаходзіўся з візітам у СССР, папрасіў зладзіць яму сустрэчу з беларуска-французскай гераіняй і яе саратніцамі. Пры сустрэчы праслаўлены генерал аддаў жанчынам чэсць і паціснуў рукі.

Тады ж выйшаў раман Міколы Садковіча “Мадам Любовь”, прататыпам галоўнай гераіні якога стала Разалія Фрыдзон.

Узнагароджана медалямі “За адвагу” і “Партызану Айчыннай вайны” ІІ-й ступені, ордэнам Айчыннай вайны ІІ-й ступені, Ганаровым крыжом “Камбатан валанцёр” з Чырвонай зоркай (пасмяротна).

Разалія Зкахараўна Фрыдзон памерла 22 мая 1976 года. Пахавана ў Баранавічах, дзе гераічнай зямлячцы ў красавіку 2025 года адкрылі мемарыяльную дошку.