
Канстанцыя Буйло
(14.01.1893 – 05.11.1986)
Беларуская паэтка, член Саюза пісьменнікаў СССР, заслужаны дзеяч культуры БССР
Канстанцыя Буйло нарадзілася 14 студзеня 1893 года ў Вільні ў сям’і аб’ездчыка графа Тышкевіча. Менавіта бацька з самага дзяцінства прывучыў Канстанцыю да кнігі і прывіў любоў да друкаванага слова.
Асноўную адукацыю яна атрымала ў хатніх настаўнікаў. Французскай мове Канстанцыю вучыла суседка-францужанка Эмілія Станкевіч. А яе дачка Уладзіслава стала сяброўкай Канстанцыі на ўсё жыццё. Яна разам атрымлівалі настаўніцкую адукацыю, разам працавалі ў дзіцячых прытулках і танчылі на беларускіх вечарынах.
І яшчэ адзін чалавек аб'яднаў іх – Іван Дамінікавіч Луцэвіч, будучы муж Уладзіславы. З Янкам Купалам сяброўкі сустрэліся ў рэдакцыі газеты “Наша ніва”. З нагоды гэтага знаёмства Купала прысвяцiў Канстанцыі свой вельмi прыгожы верш, ёй усю ноч у рэдакцыі чытаў п'есу “Паўлінка”, быў рэдактарам яе першай кнігі “Курганная кветка”.
Шмат вершаў, п’ес Канстанцыя Буйло напісала, калі працавала настаўніцай у вёсцы Горнае Скробава (цяпер у Баранавіцкім раёне), у маёнтку рыхтавала да паступлення ў гімназію сына памешчыка Дзеўчапольскага.
У гады Першай сусветнай вайны Канстанцыя Буйло працавала справаводам у канцылярыі Усерасійскага земскага саюза (займаўся забеспячэннем войска). Там пазнаёмілася са студэнтам сельскагаспадарчай акадэміі Віталем Калечыцам, за якога ў 1916 годзе выйшла замуж. У хуткім часе яны пераехалі ў Валакаламскі павет (Падмаскоўе).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Канстанцыя Буйло працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым бухгалтарам у саўгасе “Данілкава”.
У 1923 годзе яе мужа запрасілі ў Маскву. Там была адкрыта Усерасійская сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстаўка, на якой Віталь Калечыц загадваў павільёнам Сярэдняй Расіі.
Некаторы час паэтка заставалася хатняй гаспадыняй, потым уладкавалася мантажніцай у цэх лабараторнага абсталявання завода «Аграном», пазней працавала загадчыцай склада.
У Маскве Канстанцыя Антонаўна з сям’ёй канчаткова ўсталявалася ў снежні 1925 года.
У 1928 годзе яна нарэшце змагла ўладкавацца на працу – мантажніцай у цэх лабараторнага абсталявання завода “Аграном”.
У 1933 годзе мужа Канстанцыі Буйло рэпрэсiравалi i яна стала жонкай “ворага народа”. Вiталiй Калечыц быў на пасяленнi, а ў 1938 годзе арыштаваны зноў. Яго яна больш так і не пабачыла.
Канстанцыя Антонаўна заставалася ў Маскве. Некалькі гадоў працавала начальнікам аддзела збыту Палітэхлабарсаюза, у 1940 годзе стала начальнікам аператыўнага аддзела, затым выконвала абавязкі намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам.
Новы перыяд творчасцi пачаўся ў Канстанцыi Буйло ў Вялiкую Айчынную вайну. Паэтэса зноў апынулася сярод беларускiх пiсьменнiкаў, якiх вайна закiнула ў Маскву. Яна сустракалася з Кузьмой Чорным, Піменам Панчанкам, Максімам Лужаніным, Міхасём Лыньковым і інш.
У першыя пасляваенныя гады Канстанцыя Анатольеўна часта прыязджала ў Мінск на з’езды і пленумы пісьменнікаў, розныя літаратурныя ўрачыстасці. У 1944 годзе была прынята ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Асноўнымі тэмамі творчасці сталі лёс народа і асобных людзей, узаемаадносіны паміж людзьмі. Асабліва моцна прагучалі гэтыя матывы ў творах, якія былі напісаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вершы Канстанцыі Буйло друкаваліся ў перыядычных выданнях, выходзілі асобнымі зборнікамі: “Світанне” (1950), “Юрачка” (1957), “На адноўленай зямлі” (1961), “Май” (1965), “У бляску зор” (1968).
За сваю лiтаратурную дзейнасць Канстанцыя Буйло ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР і медалямі. У 1968 годзе атрымала ганаровае званне – заслужаны дзеяч культуры БССР.
Памерла Канстанцыя Анатольеўна Буйло 4 чэрвеня 1986 года. Была пахавана спачатку ў Маскве, але ў 1989 годзе урна з прахам беларускай паэтэсы перавезена ў вёску Вішнева Валожынскага раёна. На магіле Канстанцыі Буйло ўсталяваны помнік.
У гонар беларускай паэткі названа вуліца ў Маскоўскім раёне Мiнска.




