(04.01.1931–16.09.2003)
заслужаны будаўнік,
Ганаровы грамадзянін г. Баранавічы

Яўген Георгіевіч Селівончык нарадзіўся ў в. Моўчадзь Баранавіцкага раёна. Скончыў гідратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Шэсць гадоў працаваў на будаўніцтве Куйбышаўскай гідраэлектрастанцыі (г. Жыгулі Куйбышаўскай вобласці). Паказаў добрыя арганізацыйныя і інжынерныя здольнасці, за што быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць” (1958). Затым Я. Г. Селівончык прызначаны начальнікам участака па будаўніцтву Бярозаўскай ГРЭС. У 1962 г. за працоўную доблесць ён атрымаў дзяржаўню ўзнагароду – ордэн “Знак Пашаны”. У гэтым жа годзе Я. Г. Селівончык прызначаны галоўным інжынерам будтрэста № 25 г. Баранавічы. У жніўні 1964 г. – кіраўніком будтрэста № 25. Я. Г. Селівончык шмат зрабіў для горада. Пад яго кіраўніцтвам узведзены буйныя прадпрыемствы: баваўняны камбінат, новыя корпусы завода станкапрыладаў, гандлёвага машынабудавання, аўтаагрэгатнага завода, завода буддэталяў, камбінат хлебапрадукатаў, жылыя дамы ў мікрараёнах Паўднёвы, Паўночны, Усходні, пасёлку тэкстыльшчыкаў. Трэст будаваў не толькі ў горадзе. Яго супрацоўнікамі пабудаваны Баранавіцкая, Першамайская, Палонкаўская птушкафабрыкі, бройлерная фабрыка “Дружба” і інш. Дваццацігадовая праца на пасадзе кіраўніка трэста сказалася на здароўі Я. Г. Селівончыка. У снежні 1984 г. па сваёй просьбе ён быў пераведзены на пасаду начальніка аддзела працы і заработнай платы, а з лютага 1986 г. па студзень 1991 г. працаваў начальнікам тэхнічнага аддзела будтрэста № 25. Я. Г. Селівончык удастоены Ганаровага звання “Заслужаны будаўнік БССР”. Яго праца адзначана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1962, 1964, 1980), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976). Рашэннем ад 03.01.2001 г. № 63 Я. Г. Селівончык удастоены звання “Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы”. На будынку ААТ “Будтрэст № 25” у яго гонар устаноўлена мемарыяльная дошка.
|
|




