Марк Нічыпаравіч Карпачоў
(13.11.1905–14.03.1961)
крытык
літаратуразнаўца

Марк Нічыпаравіч Карпачоў нарадзіўся ў в. Крыўск Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Буда-Кашалёўскі раён Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў вясковую сямігодку (1920), Гомельскі педагагічны тэхнікум (1923), літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ (1930). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Рэчыцкім педагагічным вучылішчы (1930–1936), Рагачоўскім (1936–1940) і Баранавіцкім (1940–1941) настаўніцкіх інстытутах. Удзельнік Другой сусветнай вайны. У пасляваенныя гады выкладаў гісторыю беларускай мовы ў Гомельскім педагагічным інстытуце (1944–1951), кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры абласной газеце “Гомельская праўда”. Апошнія гады жыцця М. Карпачова прайшлі ў Рэчыцы, дзе ён працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў педагагічным вучылішчы і ветэрынарным тэхнікуме (1951–1961). Літаратурна-крытычная дзейнасць М. Карпачова пачалася ў 20-х гадах ХХ ст. Найбольш актыўна з рэцэнзіямі, крытычнымі артыкуламі, гадавымі літаратурнымі аглядамі выступаў у 1950-я гады. Аналізаваў творчасць М. Багдановіча, Я. Купалы, З. Бядулі, К. Чорнага і інш. Друкаваўся на старонках газет “Літаратура і мастацтва”, “Гомельская праўда”, “Настаўніцкая газета”.
|
|




