(10.12.1930–02.03.2013)
беларускі літаратуразнаўца

Мікалай Мікалаевіч Арочка нарадзіўся ў в. Вецявічы (цяпер Слонімскі раён) у сялянскай сям'і. Скончыў Азярніцкую сярэднюю школу (1951), паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1956 г. Працаваў у часопісе “Сельская гаспадарка Беларусі” (1956–1960) і ў газеце “Літаратура і мастацтва” (1962). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1966). У 1966 – пачатку 1990-х гг. – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1958). Дэбютаваў у друку вершамі ў 1949 г. у баранавіцкай абласной газеце “Чырвоная звязда”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Не ўсе лугі пакошаны” (1958), “Ветраломная паласа” (1962), “Крылатае семя” (1967), “Кветкі бяссмертніка” (1972), “Матчына жыта” (1978), “Колас на ржышчы” (1980), “Бяздоннае” (1985), “Падземныя замкі” (1986), драматычных паэм “Курганне. Крэва” (1982), “Судны дзень Скарыны” (1990), кніжкі вершаў для дзяцей “У птушынай вёсцы” (1964) і аповесці “Хай расце маладая таполя” (1964). Асноўныя рысы паэзіі М. Арочкі – сардэчнасць, засяроджаны роздум пра жыццё і час; пазней – паглыбленне філасофскага пачатку, зварот да перажытага падчас вайны. Аўтар крытыка-літаратуразнаўчых кніг “Валянцін Таўлай” (1969), “Галоўная служба паэзіі” (1974), “Беларуская савецкая паэма” (1979), “Саюз часу і майстэрства” (1981), “Максім Танк: Жыццё ў паэзіі” (1984), “Поэзия и война” (1987). Адзін з аўтараў “Истории белорусской советской литературы” (1977). Перакладаў з рускай, латышскай, польскай і англійскай моў.




