Міхаіл Міхайлавіч Маліноўскі
(25.07.1945–11.08.2023)
беларускі краязнаўца
публіцыст
Міхась (Міхаіл) Міхайлавіч Маліноўскі нарадзіўся ў в. Угрынь (хутар Ровеста) Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Выхаванец Парэцкага дзіцячага дома № 2 (Гродзенскі раён), навучэнец Парэцкай рускай СШ (з 1-га па 9-ты класы), Ашмянскай школы-інтэрната (з 10-га па 11-ы класы), дзе адначасова на грамадскіх пачатках узначальваў Ашмянскі раённы краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча. Скончыў Свярдлоўскае ваенна-палітычнае танкава-артылерыйскае вучылішча (1978), Амурскае абласное культурна-асветніцкае вучылішча (1984). З 1964 па 1991 гг. служыў у Савецкай арміі ў гарнізонах Беларусі, Бураціі, Забайкалля, Далёкага Усходу, Арэнбургшчыны. З чэрвеня 1991 г. М. М. Маліноўскі жыве ў Баранавічах. Даследуе гісторыю і культуру Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, сувязі літаратур, культур Расіі і Беларусі. Друкаваўся больш як на 20-ці мовах свету. Член Саюза журналістаў СССР з 1976 г., правадзейны член Геаграфічнага таварыства пры Акадэміі навук СССР з 1979 г. Узнагароджаны ганаровымі нагруднымі знакамі Міністэрства абароны СССР “Пропагандисту книги” (1970), Міністэрства інфармацыі РБ “Выдатнік друку Беларусі” (2005), Граматай цэнтральнага Праўлення Усеўкраінскага таварыства “Просвіта” імя Тараса Шаўчэнкі і іншымі ўзнагародамі.




