(16.04.1935)
беларускі пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог

Анатоль Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся ў в. Данейкі Баранавіцкага раёна. Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949–1952). Працаваў карэктарам у навагрудскай гарадской газеце “Звязда”, адказным сакратаром рэдакцыі газеты “Фізкультурнік Беларусі”. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Працаваў супрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1958 г. – інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ. Са снежня 1958 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. З 1960 г. – супрацоўнік рэдакцыі часопіса “Полымя”. У 1961–1963 гг. – старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі “Беларусьфільм”, пасля ў часопісе “Полымя” – літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 г. – загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981–1983 гг. – загадчык рэдакцыі выдавецтва “Юнацтва”, у 1986–1990 гг. – загадчык аддзела крытыкі часопіса “Полымя”. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960). Дэбютаваў вершам у 1950 г. у навагрудскай газеце. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 г. У 1967 г. выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў “Права на верш”. Аўтар “Буквара” (1969, 23 выданні), “Пропісаў да “Буквара” (1969, 4 выданні), “Пропісаў для 1 класа” (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа “Верасок” (1978, 3 выданні), “Чабарок” (1989, чытанка для 4 класа школ з рускай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей “У лясах Белавежы” (1975), “Самая лепшая хатка” (1976), “Вярэнька загадак” (1982), “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга” (1983), “Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка” (казкі, 1983), “Святло праз стагоддзі” (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990). Пераклаў на беларускую мову “Новы запавет” (1980, асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе “Спадчына”, 1989–1990), раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга “Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою” (1991). Аўтар “Беларуска-польскага размоўніка” (1992). Перакладае з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў. Даследуе праблемы развіцця беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.




