(16.01.1940–29.03.2011)
паэт

Іван Піліпавіч Лагвіновіч нарадзіўся на хутары Запрапасць, недалёка ад сяла Малькавічы Ганцавіцкага раёна. Пасля сямі класаў школы паехаў у Данбас. Скончыў у г. Снежнае Данецкай вобласці горнапрамысловае вучылішча і стаў шахцёрам. У 1990 г. выйшаў на пенсію і праз год вярнуўся на радзіму. У маі 1992 г. пераехаў у г. Баранавічы. Першую спробу пяра зрабіў у трэцім класе. Друкавацца пачаў у 1960 г. у газеце “Чырвоная змена”. Жывучы ў Данбасе, выступаў у перыядычным друку і ў некалькіх калектыўных зборніках. З 2000 г. – сябра творчага згуртавання баранавіцкіх пісьменнікаў “Святліца”, з 2003 г. – Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 2008 г. атрымаў абласную літаратурную прэмію імя У. Калесніка за кнігу паэзіі “Палыновыя кветкі”. Нізка вершаў І. Лагвіновіча змешчана ў анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя “Краса і сіла”. Аўтар зборнікаў “Разлукі выраёвыя” (2000), “Піліпаўка” (2001), “Заряна” (пад адной вокладкай са зборнікам вершаў сына Расцілава Лагвіновіча “Иероглиф улыбки” (2002), “Ляда юдолі” (2003), “Далёкае і блізкае” (2004), “Палыновыя кветкі” (2007), “Элегія палескага матыля” (2011).




