Ян Збажына (Савіцкі Іван Мікалаевіч)
(31.03.1964–10.02.2011)
паэт

Ян Збажына (Савіцкі Іван Мікалаевіч) нарадзіўся ў г. Баранавічы. Скончыў СШ № 8 у 1981 г., ГПГВ № 61 у 1982 г., у 1993 г. – гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Працаваў выкладчыкам грамадска-гістарычных дысцыплін у школах і ВНУ г. Баранавічы. Пачынальнік маладзёжнага і скаўцкага руху ў г. Баранавічы. Адзін з актыўных удзельнікаў беларускага руху 1990-х. Адначасова займаўся журналістыкай. Адзін з заснавальнікаў Баранавіцкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (АДПБ). Паэт, празаік. Творы друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Дзеяслоў”, “Бярозка”, “Першацвет”, у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, баранавіцкіх газетах “Наш край”, “Шаг”, “Інтэкс-прэс”, а таксама ў газеце Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны “Наша слова”, у брэсцкай абласной газеце “Заря”, у беластоцкім тыднёвіку “Ніва”. У 2004 г. выйшла кніга твораў “Пыл саркафагаў”.




