Ілья Пятровіч Сянько
(05.05.1940–01.12.2017)
заслужаны работнік сельскай гаспадаркі
ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна
Герой Сацыялістычнай Працы

Ілья Пятровіч Сянько нарадзіўся ў в. Казлякевічы Баранавіцкага раёна. Працоўную дзейнасць пачаў у 1959 г. вучнем трактарнай брыгады калгаса “Прагрэс” Гродзенскага раёна. У 1965 г. скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці “вучоны-аграном”. Працаваў загадчыкам вытворчага ўчастка калгаса імя Леніна, галоўным аграномам калгаса “1-е Мая” Гродзенскага раёна. Пасля службы ў радах Савецкай Арміі працягнуў працаваць галоўным аграномам у калгасе “1-е Мая”. У 1967 г. абраны старшынёй калгаса “Шлях да камунізму” Гродзенскага раёна. З 1992 г. – старшыня сельскагаспадарчага калектыўнага прадпрыемства “Абухава” Гродзенскага раёна, якое ў 2003 г. пераўтворана ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Абухава”.
За дасягненні высокіх паказчыкаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1986 г. прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. У 2000 г. прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. Узнагароджаны залатым медалём “Серп і Молат”, ордэнам Леніна (двойчы), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу”(1971). 10 чэрвеня 2010 г. Сянько Ільі Пятровічу прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна”.




