(21.11.1869–08.06.1929)
жывапісец
педагог

Казімір Антонавіч Стаброўскі нарадзіўся ў в. Крупляны Баранавіцкага раёна ў сям’і штабс-капітана рускай арміі. Пасля заканчэння рэальнага вучылішча ў Беластоку вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (1887 – 1894 гг.). У апошнія гады вучобы ў акадэміі займаўся ў майстэрні І. Рэпіна. Пасля 1894 г. жыў і працаваў на Гродзеншчыне. Удзельнічаў у мастацкіх выставах у Пецярбургу, Парыжы, Мюнхене, Венецыі. 3 1902 г. член Таварыства польскіх мастакоў “Штука” і Таварыства падтрымкі прыгожых мастацтваў. Заснавальнік і кіраўнік (1904 – 1909) Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1922 г. заснаваў аб'яднанне мастакоў “Sursum Corda”. Ствараў кампазіцыі фантастычна-сімвалічнага характару, пейзажы, партрэты ў стылі мадэрн. Сярод работ: “Магамет у пустыні” (1894), “Цішыня ў вёсцы” (паміж 1894-1900 гг.), серыя з 11 карцін “Шэсце навальніцы”, “Белая ноч у Петраградзе каля раз'езда”, “Змярканне ў Лазенкаўскім парку ў Варшаве”, “Белыя ночы”, партрэты С. Дамброўскага, Ф. Радашэўскага, Л. Рытлінскай, В. Семяшковай і інш.




