Станіслаў Казіміравіч Карповіч
( 24.02.1864–16.06.1921)
педагог, асветнік
Станіслаў Казіміравіч Карповіч нарадзіўся ў в. Хацішча Навагрудскага павета Мінскай губерніі (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) у памешчыцкай сям’і. Пачатковую адукацыю Станіслаў атрымаў у хатніх умовах у маёнтку Крапіўна на Міншчыне, з 1874 г. вучыўся ў гімназіях спачатку ў г. Рызе, потым у г. Слуцку. У 1882 г. ён выехаў на Каўказ, дзе ў наваколлі Тыфліса (зараз – Тбілісі) працаваў бухгалтарам, сакратаром на біржы i інш. У 1884 г. вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у прыватных дамах г. Вільні, потым у вёсках у розных гаспадароў.
3 самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці Станіслаў Карповіч выкарыстоўваў прагрэсіўныя метады навучання моладзі, даваў найноўшыя тэарэтычныя i практычныя веды. Ён распрацаваў асновы самаадукацыі i ў 1890 г. склаў дапаможнік “Што чытаць”, рукапіс якога быў забаронены цэнзурай i канфіскаваны.
Пасля смерці бацькі ў 1892 г. С. Карповіч пераехаў у г. Варшаву, там узначаліў маладзёжныя гурткі самаадукацыі, зблізіўся з варшаўскай інтэлігенцыяй, супрацоўнічаў з мясцовымі перыядычнымі выданнямі, друкаваў свае артыкулы на тэмы самаадукацыі. Часта наведваў Навагрудчыну, аб’язджаў вёскі i сядзібы, наладжваў дыскусіі па пытаннях самаадукацыі, дапамагаў у арганізацыі бібліятэк на Міншчыне.
Педагагічныя погляды С. Карповіча фарміраваліся пад уплывам пазітывізму і матэрыялістычнай філасофіі. С. Карповіч паставіў перад сабою задачу пераадолець тагачасныя вольнасці ў інтэрпрэтацыях выхаваўчых з’яў і стварыць навуку аб выхаванні, або педагогіцы, заснаванай на аб’ектыўных тэарэтычных прынцыпах. С. Карповіч знаходзіўся пад выразным уплывам сацыялістычных ідэй. Асноўным тэзісам педагагічнай сістэмы С. Карповіча з’яўляецца палажэнне аб цеснай залежнасці паміж працэсам чалавечага жыцця і наваколля.
У 1896 г. разам з М. Баркоўскім заснаваў у г. Варшаве кнігарню, у якой побач з іншымі выданнямі былі аддзелы нот i школьнай літаратуры. А ў 1899 г. С. Карповіч заснаваў уласнае выдавецтва нот.
Па ініцыятыве С. Карповіча ў 1903 г. ў г. Варшаве ўзнікла тайнае Таварыства педагагічнае, якое ён узначальваў да яго роспуску. Заснаваў тайныя курсы для настаўнікаў, дзе выкладаў педагогіку. Затым, пасля іх закрыцця, выкладаў на курсах легальных да 1911 г. Таксама выкладаў ва “Універсітэце для усіх”, які быў зачынены ў 1908 г. Выкладаў у Таварыстве культуры польскай. У 1911 г. стварыў уласную выхаваўчую ўстанову для дзяцей 5–10 год пад назвай “Дом дзіцячы”.
У час Першай сусветнай вайны С. Карповіч быў у г. Ваўкавыску, потым пераехаў у г. Маскву, дзе працаваў выхавацелем у інтэрнаце для хлопчыкаў. У 1918 г. разам з сям’ёй вярнуўся ў г. Варшаву. Падаў у Міністэрства працы і апекі грамадскай падрыхтаваную ім праграму курсаў пачатковага выхавання і навучання, намагаўся зноў адкрыць “Дом дзіцячы”, займаўся выкладчыцкай справай.
Навуковая і публіцыстычная творчасць С. Карповіча складае каля 70 апублікаваных прац. Яго асноўныя творы па адукацыі моладзі: “Навука аб выхаванні” (1902), “Наша літаратура для моладзі”, “Скарбы чалавецтва” (абодва 1904) i інш. Быў таксама рэдактарам і суаўтарам трох зборнікаў-чытанак для дзяцей “Наш свет” (1906), якія вытрымалі некалькі перавыданняў. У 1914 г. напісаў кнігу аб сваіх педагагічных поглядах, але яна засталася ў рукапісе.
Станіслаў Казіміравіч Карповіч памёр 16 чэрвеня 1921 г. у Атвоцку каля Варшавы, там жа быў пахаваны.




