Канстанцін Мацеевіч Радзівіл
(05.04.1793–06.04.1869)
мецэнат, апекун народнай асветы, адзін з першых беларускіх фалькларыстаў

Канстанцін Мацеевіч Радзівіл нарадзіўся ў г. Рыме ў сям'і Мацея Радзівіла і яго жонкі графіні Альжбеты Хадкевіч.
Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка (вёскі Паланэчка, Крошын і Гусакі) у Навагрудскім павеце Літоўска-Гродзенскай губерні Расійскай Імперыі, які дзякуючы Канстанціну Радзівілу стаў адным з культурных асяродкаў у краі. У маёнтку пабудаваў Паланэчкаўскі палац, побач з якім быў разбіты парк у французскім стылі.
У 1820 г. стаў членам Віленскай адукацыйнай камісіі. У гэтым годзе у Вільні ўступіў у тайнае палітычнае таварыства “Нацыянальнае масонства”, а ў 1821 г. далучыўся да яго пераемніка – Патрыятычнага таварыства (член Камітэта Літоўскай правінцыі). Пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў (1825) быў арыштаваны расійскай уладай, але пасля адпушчаны.
У 1832 г. атрымаў чын камергера расійскага імператарскага двара. У 1832–1834 гг. займаў выбарную пасаду навагрудскага павятовага маршалка.
Не імкнуўся зрабіць службовую кар'еру ў сталіцы імперыі (Санкт-Пецярбургу) ці сталіцы літоўска-беларускага края (Вільні), а прысвяціў сябе мецэнацкай, культурнай і асветніцкай дзейнасці ў родным краі. Быў куратарам і апякуном (у тым ліку фінансава) народнай асветы ў Мінскай і Гродзенскай губернях. Сабраў у Паланэчцы значную бібліятэку (4 тыс. тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны, гравюры, габелены, медалі. У палацы Канстанціна Радзівіла ў Паланэчцы бывалі многія знакамітыя ў мясцовым краі дзеячы культуры, у тым ліку паэт Уладзіслаў Сыракомля.
У 1845 г. пад апякунствам Канстанціна Радзівіла ў Паланэчцы знаходзілася рэдакцыя мясцовага польскамоўнага часопісу “Народ і час”.
У 1850-х гг. даслаў у Рускае геаграфічнае таварыства “Статыстычны нарыс Навагрудскага павета” і “Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета”. Ахарактарызаваў беларускую мову (“кривицкое наречие”), склаў слоўнічак мясцовых слоў, апісаў адзенне сялян Навагрудскага павета, мясцовыя сялянскія абрады на Купалле, Дзяды, куццю, вяселле навагрудскіх сялян; запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.
Памёр 6 красавіка 1869 г. у радавым маёнтку Паланэчка.
Напалеон Орда ў 1876 г. зрабіў малюнак Палаца Радзівілаў у маёнтку Паланэчка.




