Таццяна Яцук
Таццяна Мікалаеўна нарадзілася 19 сакавіка 1963 г. у в. Радагошча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1980 г. закончыла Валеўскую сярэднюю школу, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які закончыла ў 1985 г.
Працавала настаўніцай на Барысаўшчыне. З 1988 г. Таццяна Яцук жыве ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці, працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў СШ №4.
Першы верш Таццяны Яцук быў надрукаваны ў газете “Піянер Беларусі” ў 1977 г. У часы вучобы ва ўніверсітэце ўваходзіла ў студэнцкае літаратурнае аб’яднанне “Узлёт»”, якім кіраваў Алег Антонавіч Лойка. У той час вершы маладой паэтэсы часта з’яўляліся на старонках газет “Мінская праўда”, “Беларускі ўніверсітэт”, часопіса “Бярозка”.
Пазней друкавалася ў розных перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках “Вусны”, “Ліра”, “Барановичская лира”, “Крыніца дабрыні”, “Купальскія зоры”, “Память храним”, “Пока звонят колокола”, “Сила слова”, альманахах “Жырандоля”, “Новы замак”, “Созвездие”, “Ступени”, “Бессмертный взвод”, у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Настаўніцкая газета”, “Заря”, “Наш край” і інш.
Аўтар кніг вершаў “Груша над абрывам” (2017), “Валошкавыя сны” (2018), “Споведзь чыстаму лісту” (2020), “Адам Міцкевіч”, зборнікаў “Бліскавіцы над Свіцяззю” (2019) і “Паэма блукання і веры” (2019), зборніка вершаў і ўспамінаў “Маладосць на выданні” (2017), “Алфавітная музыка слоў” (2020), “За сіняй птушкай” (2020), “Случайный дождь” (2021), “Зоркі ў прыполе” (2022), “Мудрасць вечара” (2023), "Прага цішыні" (2025), кніг для дзяцей “Прыгоды лесавічка Імшарыка і яго сяброў” (2021), “З паклонам да сонейка” (2021).
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 18 лістапада 2021г. Цесна супрацоўнічае з літаратарамі Гродзенскай вобласці. У 2022г. паэтэса стала лаўрэатам IV Гродзенскага абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч) у намінацыі “Паэзія”. Пераможца літаратурнага конкурсу імя Яўгеніі Янішчыц "Жывём, як светлай памяці зарок" (2024), лаўрэат Прэміі А. Дубко ў намінацыі "Пісьменнік 2024 года"
На словы Таццяны Яцук напісаны 17 песень, запісаны дыск. Таццяна Мікалаеўна кіруе літаратурна-творчым аб’яднаннем «Купальскія зоры» пры Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая. Актыўна ўдзельнічае ў літаратурных сустрэчах з навучэнцамі школ, гімназій і каледжаў, чытачамі бібліятэк.




