pcpi6

 

Марат Казіміравіч Грыгорчык

(10.09.1962)

артыст оперы, заслужаны артыст Беларусі

10.09

Марат Казіміравіч Грыгорчык нарадзіўся ў в. Палонка Баранавіцкага раёна. Скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут (1985), Беларускую акадэмію музыкі (1993, клас А. Генералава). У 1990-2002 гг. – саліст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Беларусі. Рэдкая прыгажосць голасу, тонкая музыкальнасць, цеплыня, шчырасць, лірычная напоўненасць выканання прынеслі спеваку вялікі поспех у партыях Паміна (“Чарадзейная флейта” В. А. Моцарта), Герцага, Рычарда, Альфрэда (“Рыгалета”, “Баль-маскарад”, “Травіята” Дж. Вердзі), Пінкертона, Каварадосі (“Чыо-Чыо-сан”, “Тоска” Дж. Пучыні), Каніо (“Паяцы” Р. Леанкавала), Хазэ (“Кармэн” Ж. Бізэ), Ленскага, Вадэмона (“Яўген Анегін”, “Іаланта” П. Чайкоўскага), Юродзівага (“Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага). Стварыў выразныя вобразы Майстра і Іешуа ў оперы Я. Глебава “Майстар і Маргарыта”, Свеціловіча ў “Дзікім паляванні караля Стаха” У. Солтана. Творчым дасягненнем стала партыя тэнара ў Рэквіеме Дж. Вердзі. Выступаў на сцэнах Вялікага тэатра ў г. Масква, Марыінскага тэатра (г. Санкт-Пецярбург), Сафійскай народнай оперы. Канцэртаваў у г. Буэнас-Айрэс, спяваў у г. Падуя на адкрыцці мемарыяльнай дошкі Ф. Скарыне. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М. Глінкі (1991, 2-я прэмія), дыпламант міжнароднага конкурсу “Новыя галасы” (1992, Германія). Заслужаны артыст Беларусі (2001).

 

 

Алфавітны паказальнік персаналій