Раіса Раманчук
Раіса Міхайлаўна нарадзілася 20 красавіка 1957 г. на хутары ля в. Літараўшчына Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыла Баранавіцкае кулінарнае вучылішча. З 1979 г. працавала на Баранавіцкім баваўняным аб’яднанні, дзе займала пасаду брыгадзіра асноўнай вытворчасці. Завочна з адзнакай закончыла Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, на працягу сямі гадоў вяла ў прамым эфіры віншавальную перадачу “Вітаем. Віншуем. Жадаем” на радыё аб’яднання.
Друкуецца з 1972 г. у мясцовай, рэспубліканскай і міжрэгіянальнай прэсе. Творы змешчаны больш чым у 40 зборніках, часопісах, альманахах: “Крыніца жыцця”, “Акно”, “Святліца”, “Гоман”, “Вечнасць… А там? Што там?..”, “Дыханием единым”, “Крыніца дабрыні” і інш. Аўтар паэтычных кніг “Сцежка ў дзяцінства” (2003), “Рамонкавы ранак” (2013), “Звон верасовы” (2013), кніжак для дзяцей “Дабрыня” (2014), “Цікаўны дожджык” (2016), “Петрушка” (2019), “Вусаты-паласаты” (2020), “Пчала” (2023). Верш “Няхай шчыруе мова” змешчаны ў беларускай чытанцы для 3-га класа. На словы Р. Раманчук напісана 18 песень, у тым ліку “Гімн тэкстыльшчыкаў”.
Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў. Кіраўнік літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” пры Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яна Чачота. Ініцыятар і кіраўнік штогадовага літаратурнага свята “Корнеўскія чытанні”, якое праходзіць пад эгідай Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Бібліяграфічны спіс літаратуры




