(04.10.1931)

У 1908 г. на месцы цяперашняга сабора ў Баранавічах была пабудавана драўляная праваслаўная царква. У 1915 г., падчас Першай сусветнай вайны, калі ў горадзе знаходзілася Стаўка расійскага цара Мікалая II, той храм быў павялічаны прыбудовамі. Драўляная царква праіснавала нядоўга і згарэла ў 1921 г. у ноч 2 мая, пасля святочнай вячэрні першага дня Вялікадня. Раніцай на папялішчы сабралася ўся праваслаўная паства горада. Прыход пастанавіў узнавіць храм. 06.08.1924 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне закладкі храма. 20.11.1928 г. на храм былі ўрачыста ўсталяваны купалы. Пасля да 1931 г. праводзіліся працы ўсярэдзіне царквы, аздабляліся іканастасы, выкладалася мазаіка, прывезеная з Варшавы. Першапачаткова мазаіка знаходзілася ў Варшаўскім саборы Аляксандра Неўскага. На той час гэты храм з’яўляўся найвялікшым і найвышэйшым будынкам у польскай сталіцы. Яго муры ўпрыгожвалі мазаікі, створаныя паводле эскізаў В. Васняцова, А. Рабушкіна, М. Бруні. У аздабленні сабора былі выкарыстаны каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, а таксама мармур і граніт. Мазаічныя пано набіраліся ў мазаічнай майстэрні славутага мастака У. Фралова. Пасля атрымання незалежнасці ў 1918 г. у Польшчы распачалася дыскусія, што рабіць з праваслаўным храмам у цэнтры сталіцы. Шмат хто лічыў яго сімвалам расійскай акупацыі. У 1924–1926 гг. храм быў разбураны. У 1926 г. у Баранавічы ў трох вагонах былі прывезены алтары, 10 ківотаў, 20 абразоў на дошках, 9 абразоў на дрэве і палатне, 3 мазаічныя абразы (“Маці Божая Замілаванне”, “Мітрапаліт Алексій”, “Іосіф Волацкі”). Але 5 верасня будынак каля царквы, дзе захоўвалася прывезенае, згарэў, як палічылі тады, ад наўмыснага падпалу. Ацалелі толькі мазаікі, якія захоўваліся ў іншым месцы. У 1928 г. мітрапаліт Дыянісій перадаў у Баранавічы іканастас з былой дамавой царквы Варшаўскага каралеўскага замка, 4 абразы на цынку, 7 двухстворкавых дубовых дзвярэй, 40 фрагментаў мазаікі і 13 скрыняў роспісаў на гіпсавых пласцінах – усё, што засталося ад Варшаваўскага сабора святога Аляксандра Неўскага. 30 фрагментаў мазаікі былі складзены ў 4 пано і змешчаны на ўнутраных і вонкавых сценах баранавіцкай царквы. Яшчэ 10 фрагментаў дасюль ляжаць у сутарэннях храма, бо з іх немагчыма скласці цэласнага малюнку. 04.10.1931 г. Баранавіцкі сабор Пакрова Багародзіцы быў асвечаны архіепіскапам Гродзенскім і Наваградскім Алексіем, а з 1949 г. доўгі час заставаўся адзіным дзеючым праваслаўным храмам у горадзе. У 1953 г. царква была ўключана ў спіс помнікаў архітэктуры і ўзята пад ахову дзяржаваю.
|
|




