Рашатко Уладзімір Уладзіміравіч
(22.10.1951)
Ганаровы грамадзянін г. Баранавічы

Уладзімір Уладзіміравіч Рашатко нарадзіўся ў г. Баранавічы. Пасля школы працаваў на Баранавіцкім заводзе жалезабетонных вырабаў, служыў у арміі. З 1972 па 1977 гг. вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Пасля яго заканчэння працаваў на Баранавіцкім заводзе аўтаматычных ліній. У 1981 г. У. У. Рашатко абраны старшынёй прафкама завода аўтаматычных ліній. У 1986 г. стаў кіраўніком Баранавіцкага станкабудаўнічага завода. 27.08.1993 г. на базе Мінскага завода халадзільнікаў і Баранавіцкага станкабудаўнічага завода зарэгістравана закрытае акцыянернае таварыства па выпуску бытавых халадзільнікаў “Атлант”. Пад кіраўніцтвам У. У. Рашатко на заводзе асаблівая ўвага надавалася павышэнню якасці выпускаемай прадукцыі. Завод першы сярод машынабудаўнічых прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь сертыфікаваў сістэму мэнэджмента якасці вытворчасці кампрэсараў на адпаведнасць міжнароднаму стандарту ІSO 9002 (люты 1998). За дасягненні ў галіне якасці прадпрыемству прысвойваліся: прэміі Урада Рэспублікі Беларусь (1999, 2002, 2009), прэміі Брэсцкага аблвыканкама (2003, 2006, 2009), прэміі Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь (2003, 2006, 2009). Важнейшымі напрамкамі ў дзейнасці У. У. Рашатко і ўсіх вядучых спецыялістаў прадпрыемства з’яўляецца ўкараненне сучасных тэхналогій, рэканструкцыя вытворчасці. Дырэктару завода У. У. Рашатко за значны ўклад у павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, павелічэнне выпуску новых відаў прадукцыі 13.04.1994 г. прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь”. 30.06.2001 г. ён узнагароджаны ордэнам Пашаны. 06.04.2006 г., па выніках работы за 2005 г. у галіне прамысловасці, У. У. Рашатко прысвоена ганаровае званне “Чалавек года”. 17.03.2009 г. ён узнагароджаны ордэнам Айчыны 3-й ступені. 26.09.2010 г. прысвоена званне “Заслужаны работнік ЗАТ “Атлант”. Рашэннем Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 13.10.2011 г. № 87 У. У. Рашатко за значны асабісты ўклад у развіццё машынабудаўнічай галіны, сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і культурнае развіццё г. Баранавічы прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы”.
|
|




