(07.07.1796–23.08.1847)
паэт, фалькларыст, этнограф

Ян Антоні Чачот нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) ў сям'і арандатара. З Малюшычаў Чачоты, якія арандавалі там фальварак, праз нейкі час перабраліся пад Баранавічы ў фальварак Рэпіхава Навамышскай парафіі (цяпер – Ляхавіцкі раён), дзе яго бацька ўладкаваўся аканомам да памешчыка Тызенгаўза. З 23.04.1803 г. бацька Я. Чачота становіцца аканомам маёнтка Новая Мыш. Тут сям’я жыла да 1815 г. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе. У 1815 г. паступіў на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. Але, не маючы сродкаў на плату за навучанне, праз год пакінуў вучобу і ўладкаваўся ў Віленскае бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў. У 1818 г. становіцца членам тайнага таварыства філаматаў. Пасля выкрыцця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаванняў у 1823 г. зняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Урал, дзе адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, у 1825 г. пераведзены ў Уфу, у 1831 – у Цвер. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На радзіме ён працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам, бібліятэкарам у графа Храптовіча. У філамацкі перыяд захапіўся стварэннем вершаў на роднай мове, якія карысталіся вялікім поспехам на пасяджэннях таварыства. На паэтычным турніры, які адбыўся 21.12.1818 г., Чачот прызнаны трэцім паэтам пасля А. Міцкевіча і Т. Зана. У 1819 г. ён напісаў некалькі беларускамоўных імянных вітанняў і драматычных сцэнак, заснаваных на беларускім фальклоры, у тым ліку “Да пакіньце ж горла драць”, “Едзеш, міленькі Адам”. Адначасова з беларускімі вершамі Чачот працягваў пісаць і на польскай мове. У гэты час ён стварыў лібрэта аперэты “Малгажата з Зембаціна”, вершаваную гісторыю Літвы і Польшчы, рамантычныя балады “Свіцязь-возера”, “Мышанка”, “Навагрудскі замак”, “Калдычэўскі шчупак”. У аснове яго балад былі паданні, якія паэт чуў у дзяцінстве на Баранавіччыне. Гэтымі творамі ён праславіўся як паэт-фалькларыст і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры. У в. Бартнікі (цяпер – Баранавіцкі раён) ён запісаў і склаў цэлы зборнік беларускіх народных песень (не захаваўся). На працягу 1837–1846 гг. паэт сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў “Сялянскія песні”, куды ўвайшло каля 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале ўласна беларускія вершы, а таксама прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 слоў). Чачот перакладаў на польскую мову творы з англійскай, французскай паэзіі. Аўтар кніг “Аповесці для маладых дзяўчат” (Вільня, 1845) і “Некаторыя заўвагі, якія асабліва датычацца стылю трэцяй песні “Анафеляс”, з “Вітаўтавых баёў” П. Крашэўскага” (Вільня, 1846).
|
|




