pcpi6

 

Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн

(14.08.1906–26.08.1994)

беларускі паэт

1408

Сяргей Новік-Пяюн (сапраўднае імя Сяргей Міхайлавіч Новік) нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Нясвіжскай расійскай гімназіі (1918–1924), скончыў беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). За культурна-асветніцкую работу неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. Адбыў пяцігадовую ссылку на Памор’і (1926–1931), у 1939 г. сядзеў у турме ў Баранавічах. У савецкі час працаваў інспектарам Слонімскага раённага аддзела народнай асветы (1939–1940), дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музея (1940–1941). У час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі прыгавораны фашысцкімі ўладамі да пакарання смерцю. Вызвалены партызанамі з Калдычэўскага лагера. Зноў працаваў дырэктарам Слонімскага музея (1944). 14.12.1944 г. арыштаваны, а ў сакавіку 1945 г. Ваенным трыбуналам войск НКУС Баранавіцкай вобласці асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў на Калыме. 05.11.1958 г. рэабілітаваны Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі. У 1959 г. вярнуўся на Беларусь. З 1960 г. жыў ў Мінску. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1984 г. У 1925 г. пачаў выступаць у віленскіх прагрэсіўных беларускіх газетах і часопісах з вершамі. У Вільні асобнымі выданнямі выйшлі п’есы “Цудоўная ноч” (1927), “Ёлка Дзеда Мароза” (1927), “Прадка над крыжам” (1939), у зборніку “Сцэнічныя творы” (1927) – п’еса “Пакой у наймы”. Афармляў часопіс для дзяцей “Заранка” (1927–1931). Аўтар зборніка паэзіі “Заўсёды з песняй” (паэма, вершы, песні, творы для дзяцей, 1984), кніжкі вершаў для дзяцей “Зорачкі ясныя” (1986). Напісаў некалькі песень на свае вершы (“Зорачкі”, “Над Шчарай” і інш.).

 

 

Алфавітны паказальнік персаналій