pcpi6

 

Якуб Герасімавіч Міско

(01.06.1911–23.10.1981)

паэт, празаік, публіцыст, перакладчык

0106

 

Якуб Герасімавіч Міско (псеўданім Асот) нарадзіўся ў в. Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Да 1921 г. скончыў некалькі класаў пачатковай школы ў Расіі, дзе сям’я знаходзілася ў бежанстве. У 1925–1928 гг. вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху. Друкавацца пачаў у 1926 г. у падпольным часопісе вучняў гімназіі “Наперад”. Публікаваўся ў польскіх газетах. У 1932–1934 гг. працаваў у галоўным сакратарыяце рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі “Змаганне”; у 1933–1934 гг. – у рэдакцыі віленскай “Беларускай газеты” (легальнае выданне КПЗБ). Быў членам тройкі Цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. На працягу 1930-х гг. неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах. У лістападзе 1939 г. разам з братам арыштаваны НКУС. Вызвалены пасля ўмяшання П. Панамарэнкі. Вярнуўшыся ў родную вёску, працаваў у калгасе (са студзеня да верасня 1940), затым літсупрацоўнікам лідскай раённай газеты “Уперад” (1940–1941). Падчас Вялікай Айчыннай вайны служыў у разведцы дзеючай арміі, удзельнік вызвалення Берліна. Дэмабілізаваўся ў званні маёра. У 1948–1949 гг. вучыўся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. У 1947–1976 гг. працаваў у “Сельской газете”, у 1976–1981 гг. – у часопісе “Коммунист Белоруссии”. Член Саюза журналістаў Беларусі з 1958 г. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1967). Аўтар успамінаў пра вызваленчую барацьбу ў Заходняй Беларусі, водгукаў і рэцэнзій на кнігі М. Танка, Я. Брыля, А. Адамовіча, М. Машары, В. Казько і інш. Перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў. Творчая спадчына  Я. Міско сабрана ў кнізе “Маё маўклівае сэрца”.

 

 

Алфавітны паказальнік персаналій