pcpi6

Платон Андрэевіч Крэнь

(04.04.1896 – 23.09.1962)

паэт

мемуарыст

0404

 

Платон Андрэевіч Крэнь (псеўданімы: Прохар Калавец, Шыпшына, Бім-Бом, Бух-Бом) нарадзіўся ў фальварку Ярашэва Слонімскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер в. Ярашоўка). Вучыўся ў Келецкай мужчынскай гарадской гімназіі (Польшча), Клецкай настаўніцкай школе (скончыў у 1913). У 1915 г. мабілізаваны ў войска. Накіраваны ў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у 1916 г. з афіцэрскім чынам. Служыў у Фінляндыі ў 423-м пяхотным палку. Публікаваў вершы ў газеце “Финляндские известия”. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі служыць у Чырвонай Арміі. У снежні 1917 г. накіраваны на Дон. Там захварэў, трапіў у шпіталь. Потым перайшоў у Белую гвардыю генерала Каледзіна. З войскам адступіў у Крым і эвакуіраваўся ў Турцыю. У жніўні 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Жыў у роднай вёсцы. У 1920-я г. член  Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Друкаваўся пад псеўданімамі ў віленскіх беларускіх выданнях, ладзіў у вёсцы беларускія вечарыны і спектаклі. З прыходам Чырвонай Арміі зімой 1939–1940 гг. настаўнічаў. Пісаў у абласную газету “Звязда”. Звольнены са школы з запісам “Кулак і белагвардзеец”. Занесены ў спісы на дэпартацыю з Беларусі. Высылцы перашкодзіў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. У час вайны ратаваў савецкіх акружэнцаў. Перад альтэрнатывай вывазу ў Германію на прымусовыя работы пайшоў працаваць у Баранавіцкую гарадскую ўправу. Публікаваў фельетоны ў “Баранавіцкай газэце”. Падтрымліваў сувязі з партызанамі. Вясною 1943 г. па даносе арыштаваны СД. Быў вызвалены дзякуючы сваім фельетонам, якія спадабаліся начальству. Арыштаваны савецкай бяспекай у 1945 г. Асуджаны на 8 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў ва Унжлагу МУС у Горкаўскай вобласці. Пасля вызвалення ў 1953 г. вярнуўся ў Ярашоўку. Хварэў. Пачаў занатоўваць успаміны, выйшаў на магістральную тэму сваёй творчасці – ГУЛАГ. Пісаў па-беларуску і па-руску. Частка рукапісных твораў была выкрадзена з хаты. Літаратурная спадчына 1952–1962 гг. выдадзена пасмяротна ў кнізе “Бывай, Ярашоўка” (1999).

 

 

Алфавітны паказальнік персаналій