pcpi6

Эліза Ажэшка

(06.06.1841–18.05.1910)

польская пісьменніца

0606

  

Эліза Ажэшка нарадзілася ў маёнтку Мількаўшчына, каля Гродна. З дзесяці год выхоўвалася ў манастырскім пансіёне ў Варшаве, дзе знаходзілася да 1857 г. Пасля заканчэння выхавання ў 1858 г., была хутка выдадзена замуж за Пятра Ажэшку. Пачала жыць у Людвінове ў Кобрынскім павеце (цяпер – вёска ў Драгічынскім раёне), дзе ў 1862 г. стварыла разам з малодшым братам мужа школу для дваццаці вясковых дзяцей. Брала актыўны ўдзел у дыспутах земскіх камітэтаў з мэтай правядзення грамадска-эканамічных рэформ вёскі. Грамадскія прыхільнасці сталі адной з прычын разладу з мужам. Э. Ажэшка пакінула мужа і выехала ў Варшаву. На час паўстання 1863–1864 гг. вярнулася ў Людвінова, каб дапамагаць паўстанцам. У маі–чэрвені 1863 г. хавала ў сябе Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу. Па гэтай прычыне восенню 1863 г. Пётр Ажэшка быў арыштаваны, а ў сакавіку 1865 г. высланы ў Пермскую губерню. Пасля паўстання Э. Ажэшка была вымушана прадаць Людвінова і вярнуцца ў Мількаўшчыну, дзе адкрыла школу для вясковых дзяцей. З таго часу датуюцца яе першыя захаваныя літаратурныя творы. Тым часам вярнуўся з Пярмі Пётр Ажэшка. Эліза не магла знайсці паразумення з мужам, пачала працэс аб абануляванні шлюбу і дабілася гэтага ў 1869 г. У 1870 г. Э. Ажэшка прадала Мількаўшчыну і пераехала на сталае жыхарства ў Гродна. Пасля дваццаці гадоў сяброўства з С. Нагорскім, пасля смерці яго жонкі, узяла з ім шлюб (1894). Сваю багатую бібліятэку перадала Віленскаму таварыству сяброў навук, суарганізатарам і першым ганаровым членам якога была. У 1908–1909 гг.  Э. Ажэшка наведала сядзібу Бохвіцаў – Флер’янова (Ляхавіцкі раён). Пры Тадэвушы Бохвіцы сядзіба вылучалася высокім узроўнем духоўнай культуры,  моцнымі традыцыямі асветніцтва. Вядомасць сядзібе прынёс летні пансіянат: сюды прыязджалі адпачываць вядомыя людзі краю. Знаёмства паэтэсы з духоўна багатым Тадэвушам Бохвіцам перайшло ў сяброўства, сведчанне таму – багатая перапіска. Падчас адпачынку Э. Ажэшка падарожнічала па ваколіцах Флер’янова. У 1909 г. прыязджала пагасціць у Паўлінава (Баранавіцкі раён). Тут знаходзіўся маёнтак, які належаў бацьку Тадэвуша  Бохвіца Яну Отану Бохвіцу. Сядзібу  ён назваў у гонар маці Паўліны Маеўскай. Памерла Э. Ажэшка ў Гродне і там пахавана. Літаратурную дзейнасць Э. Ажэшка пачала ў 1866 г. (апавяданне “Малюнак з галодных гадоў”). Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці “Апошняе каханне” (1868), “Пан Граба” (1869–1870), “Марта” (1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман “Пампалінскія” (1876), з гуманістычных пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зборнік апавяданняў “3 розных сфер” (1879–1882). Аўтар  рамана “Над Нёманам” (1887), аповесцей “Нізіны” (1884), “Дзюрдзі” (1885), “Хам” (1888), апавяданняў “Рэха”, “Тадэвуш”, “У зімовы вечар” і інш. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў напісала нарысы “Людзі і кветкі на берагах Нёмана” (1888–1891). У 1890-я гг. у яе творах вастрыня сацыяльнай праблематыкі саступае месца псіхалагічнай заглыбленасці (“Два полюсы” (1893), зборнік апвяданняў “Меланхолікі” (1896). Апошні зборнік навел “Gloria vicis” (“Слава пераможаным!” (1910) прысвечаны героям паўстання 1863–1864 гг.

 

 

Алфавітны паказальнік персаналій