Гарадская дзіцячая бібліятэка (Філіял № 2)
Гісторыя бібліятэкі пачалася пасля прыняцця Баранавіцкім гарвыканкамам Рашэння № 579 ад 07.08.1952 г. “Аб адкрыцці 2-й дзіцячай бібліятэкі па вул. Навамышскай, 80”. Са жніўня 1954 года ў яе структуры з’явілася чытальная зала, а фонд дзіцячай бібліятэкі на гэты перыяд налічваў больш за 12 тысяч экзэмпляраў. У 1972 годзе закончылася будаўніцтва тыпавога будынку для бібліятэкі (вул. Камсамольская, 23 А), і яна пераехала ў новае прасторнае памяшканне, у якім вырасла не адно пакаленне маленькіх чытачоў. Дакументны фонд на 01.01.2024 г. налічвае больш за 82 тыс. экзэмпляраў. Выпісваецца 71 найменне перыядычных выданняў: 52 часопісы і 19 газет. За год абслугоўваецца каля 7000 карыстальнікаў, ім выдаецца каля 130 тысяч кніг.
Тут і сёння гасцінна расчынены дзверы для ўсіх, хто любіць чытаць, хто сябруе з кнігай. У 1978 годзе, у выніку цэнтралізацыі, дзіцячая бібліятэка № 2 набыла статус цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэкі і стала каардынацыйна-метадычным цэнтрам для дзіцячых і школьных бібліятэк горада. Ажыццяўленню гэтых функцый дапамагаў доўгія гады прафессійны клуб “Палада”, што аб’ядноўваў супрацоўнікаў гэтых бібліятэк. ЦГДБ арганізуе агульнагарадскія мерапрыемствы: Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі”, конкурс “Лета і кніга”, сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і прэзентацыі дзіцячых перыядычных выданняў. Тут пастаянна абнаўляюцца экспазіцыі выставак па творчасці дзіцячых пісьменнікаў, праглядаў, якія садзейнічаюць патрыятычнаму, экалагічнаму, этычнаму і прававому выхаванню, фарміраванню здаровага ладу жыцця. Доўгі час існавалі нестацыянарныя формы абслугоўвання чытачоў: выязная чытальная зала ў межах свята горада "Баранавіцкая вясна", бібліобус "Кнігі едуць у Бараўкі", летні аздараўленчы лагер "Мара". У 2021 г. работа бібліобуса была спынена.
З 01.09.2020 г. у склад ЦГДБ увайшоў пункт выдачы нотна-музычнай літаратуры па адрасу вул. Горкага, 20.
З 01.07.2022 г. ЦГДБ рэарганізавана ў Філіял № 2 "Гарадская дзіцячая бібліятэка".