ДУК "Цэнтралізаваная бібліятэчная
сістэма г. Баранавічы"

pcpi3

Дзецям і іх бацькам

det

Сяргей Пракопавіч Агейчык

(17.08.1924-02.03.2004)

шафёр

Герой Сацыялістычнай Працы

 

170824

 

         Сяргей Пракопавіч Агейчык нарадзіўся ў в. Любшыцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1947–1954 гг. шафёр будаўнічага ўпраўлення № 10 г. Стоўбцы. З 1957 г. шафёр мостабудаўнічага раёна № 3 г. Баранавічы. За паспяховае выкананне плана будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабільных дарог у 1971 г. прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны залатым медалём “Серп і Молат”, ордэн Леніна, ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі. Адна з вуліц Усходняга мікрараёна г. Баранавічы носіць імя С. П. Агейчыка.

 

Аляксандр Мітрафанавіч Бабко

(21.02.1932)

брыгадзіра калгаса “Перамога”

Герой Сацыялістычнай працы

210232             

Аляксандр Мітрафанавіч Бабко нарадзіўся ў в. Дуброўна Баранавіцкага раёна. З 1956 г. – брыгадзір паляводчай брыгады калгаса “Перамога” Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 13 снежня 1972 г. за вялікія поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і продажы дзяржаве прадуктаў земляробства і праяўленую працоўную доблесць на ўборцы ўраджаю. У 2015 г. прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Баранавіцкага раёна.

 

Валянціна Паўлаўна Булава

(25.03.1941–18.05.2005)

прадзільшчыца БВБА

 Герой Сацыялістычнай Працы

250341   

  Валянціна Паўлаўна Булава нарадзілася на ст. Капцэвічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1964–1996 гг. працавала на Баранавіцкім вытворчым  баваўняным аб’яднанні прадзільшчыцай, эканамістам планава-эканамічнага аддзела, брыгадзірам участка пакоўкі. У 1972 г. закончыла эканамічны тэхнікум у Іванаўскай вобласці. Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Герой Сацыялістычнай Працы (1984).

Багуслав Багданавіч Вільчкоўскі

(14(13,17).03.1928–27.11.1964)

старшыня

 Герой Сацыялістычнай Працы

140328

 

        Багуслав Багданавіч Вільчкоўскі нарадзіўся ў в. Пагулянка (цяпер Соргавічы) Баранавіцкага раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў 14-гадовым узросце быў сувязным партызанскага атрада. Вярнуўшыся да мірнага жыцця працаваў конюхам у калгасе “Іскра”. Жыў у в. Малая Сваротва. Быў назначаны брыгадзірам, а ў 1959 г. вылучаны на пасаду старшыні калгаса “Іскра”, камуніст. У 1963 г. Б. Вільчкоўскага выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. 27 лістапада 1964 г. падчас выступлення на партыйным сходзе Б. Б. Вільчкоўскі быў забіты. У 1966 г. яму пасмяротна прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Імя Вільчкоўскага носіць адна з вуліц г. Баранавічы.

Мікалай Лявонцьевіч Вяленка

(06.05.1898–21.01.1975)

брыгадзір паляводчай брыгады

 Герой Сацыялістычнай Працы

060598

 

      Мікалай Лявонцьевіч Вяленка нарадзіўся ў в. Залессе Баранавіцкага раёна. З 1939 г. рабочы. У 1944-1946 гг. брыгадзір паляводчай брыгады саўгаса “Вольна-Чэрніхава”. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1949 г. за атрыманне высокага ўраджаю насення канюшыны. Пахаваны на могілках у в. Вольна Баранавіцкага раёна. У 1976 г. на магіле ўстаноўлена стэла.

 

Праскоўя Данілаўна Гарбацэвіч

(10.03.1919–09.10.1999)

заслужаны ўрач БССР

Герой Сацыялістычнай Працы

100319

 

      Праскоўя Данілаўна Гарбацэвіч нарадзілася ў в. Кальчыцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Пасля школы паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут, закончыла 4 курсы, пачалася вайна. У гады Вялікай Айчыннай вайны начальнік санітарнай службы партызанскага атрада імя Ракасоўскага брыгады імя Фрунзе на Міншчыне.  У 1945 г. закончыла медыцынскі інстытут і працавала загадчыцай Ляснянскай участковай бальніцы. З 1947 г. галоўны ўрач Навамышскай бальніцы Баранавіцкага раёна. За заслугі ў сістэме аховы здароўя і высокі прафесіяналізм было прысвоена званне “Заслужаны ўрач БССР” (1960). 4 лютага 1966 г. П. Д. Гарбацэвіч удастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджана залатым медалём “Серп і Молат”, ордэнам Леніна, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі. 

 

Анісся Фамінічна Гецман

(10.08.1915–30.11.1999)

Герой Сацыялістычнай Працы 

100815

 

        Анісся Фамінічна Гецман нарадзілася ў в. Краснагоркі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Удзельніца партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сувязная партызанскага атрада імя М. М. Воранава брыгады імя Г. К. Жукава. У 1947-66 звеннявая льнаводчага звяна калгаса імя Варашылава Стаўбцоўскага раёна. Званне Героя прысвоена за атрыманне высокага ўраджая льнанасення і льнавалакна. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1951-1955 гг.

 

Мікалай Уладзіміравіч Даменікан

(01.03.1932–15.02.2012)

партыйны дзеяч

 Герой Сацыялістычнай Працы

010332

 

Мікалай Уладзіміравіч Даменікан нарадзіўся ў в. Трускава Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў Ленінградскі ветэрынарны інстытут (1955) і Мінскую завочную вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1971). У 1961-1964 гг.  – дырэктар эксперыментальнай базы “Вольна–Чэрніхава”. З 1964 г. – намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення вытворчасці і загатовак сельскагаспадарчых прадуктаў, затым першы намеснік начальніка гэтага ўпраўлення. З 1971 г. – старшыня Кобрынскага райвыканкама. З 1973 г. – першы сакратар Баранавіцкага райкама КПБ, старшыня Баранавіцкага райкама Савета народных депутатаў. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 5 снежня 1985 г. за поспехі ў павелічэнні вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі, датэрміновае выкананне плана 11-й пяцігодкі і праяўлены працоўны гераізм. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (двойчы), “Знак Пашаны”, медалямі.

Аляксандр Мікалаевіч Дудук

(27.01.1929–13.06.2009)

заслужаны работнік сельскай гаспадаркі,

 Герой Сацыялістычнай Працы

 

270129

 

      Аляксандр Мікалаевіч Дудук нарадзіўся ў в. Нарэшавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (сувязны спецатрада “Авангард”, які дыслацыраваўся на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці з верасня 1943 г. па ліпень 1944 г.). У 1944–1945 гг. сакратар Чырванаслабодскага сельсавета Клецкага раёна Баранавіцкай вобласці. У 1967–1972 гг. дырэктар саўгаса “Чырвоны сцяг”. З мая 1973 г. дырэктар саўгаса-камбіната “Мір”. Удастоенны звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР”. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 7 ліпеня 1986 г. Узнагароджаны залатым медалем “Серп і Молат”, ордэнамі Леніна (двойчы), Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, “Знак Пашаны”.

 

Ганна Іванаўна Карповіч (Сухарэўская)

(01.01.1938–1981)

птушніца-аператар

 Герой Сацыялістычнай Працы

010138

 

        Ганна Іванаўна Карповіч (Сухарэўская) нарадзілася ў в. Быткоўшчына Баранавіцкага раёна. З 1955 г. палявод калгаса “Бальшавік”, з 1961 г. птушніца Гарадзішчанскай птушкафабрыкі, з 1975 г. птушніца-аператар Баранавіцкага вытворчага аб’яднання па птушкагадоўлі. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 22 сакавіка 1966 г. за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і загатовак прадуктаў птушкагадоўлі.

 

Васіль Міхайлавіч Качарга

(14.10.1904 – снежань 1981)

работніка сельскай гаспадаркі

Героя Сацыялістычнай Працы

    

141004

 

        Васіль Міхайлавіч Качарга нарадзіўся ў в. Харашэвічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Трудавую дзейнасць пачаў у 1940 г. рабочым. З 1946 – 1968 гг. звеннявы звяна па вырошчванні насення канюшыны эксперыментальнай базы “Вольна-Чэрніхава” Баранавіцкага раёна. 30 красавіка 1949 г. прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны залатым медалём “Серп і Молат” і ордэнам Леніна. З 1968 г. на пенсіі. Памёр у снежні 1981 г. Пахаваны на могілках у в. Вольна. У 1987 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

 

 

Антаніна Сцяпанаўна Керко

(16.12.1925–12.10.2010)

Герой Сацыялістычнай Працы

161225

 

Антаніна Сцяпанаўна Керко нарадзілася ў в. Кіевец Бяла-Падляскага павета Люблінскага ваяводства. З 1949 г. жыве ў Баранавічах. У 1949–1982 гг. швачка-матарыстка пашывачнага цэха, майстар, брыгадзір арцелі “Камунарка” (з 1956 г. – трыкатажная фабрыка). За працоўныя поспехі ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалью “За доблесную працу”.  05.04.1971 г. Антаніне Сцяпанаўне Керко прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатой медалі “Серп і Молат”.

 

Лілія Сямёнаўна Кучур

(07.09.1936–05.04.2004)

палявод

Герой Сацыялістычнай Працы

070936

 

Лілія Сямёнаўна Кучур нарадзілася ў в. Уласы Баранавіцкага раёна. З 1951 г. – палявод, з 1965 г. – звеннявая льнаводчага звяна калгаса “Перамога” Баранавіцкага раёна. За поспехі ў павелічэнні вытворчасці і продажы дзяржаве льну 12.12.1973 г. прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.  Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1975–1980 гг. Узнагароджана залатым медалём “Серп і Молат” і ордэнам Леніна.

Цярэнцій Мітрафанавіч Кушняроў

(12.12.1919–11.10.2005)

заслужаны будаўнік БССР

Герой Сацыялістычнай Працы

 

121219

 

        Цярэнцій Мітрафанавіч Кушняроў нарадзіўся ў в. Агародня Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1947 г. жыве ў г. Баранавічы. У 1949–1980 гг. працаваў на будаўніцтве прамысловых аб’ектаў і жылых дамоў горада. Быў штукатурам, брыгадзірам каменшчыкаў баранавіцкага будаўнічага трэста № 25. За шматгадовую працу ў 1965 г. прысвоена званне “Заслужаны будаўнік БССР”. У 1966 г. за поспехі ў выкананні планавых заданій па капітальнаму будаўніцтву прысвоенна званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны залатым медалём “Серп і Молат”, ордэнам Леніна, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.

 

Таццяна Ціханаўна Ліцкевіч

(16.06.1931)

даярка

Герой Сацыялістычнай Працы

160631

 

Таццяна Ціханаўна Ліцкевіч нарадзілася ў в. Залессе Баранавіцкага раёна. З 1952 г. – цялятніца, у 1963–1985 гг. – даярка Залескай фермы-саўгаса “Вольна-Чэрніхава” (з 1960 г. эксперыментальная база “Вольна-Чэрніхава”). Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 22.03.1966 г. за поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. У 1971–1975 гг. дэлегат ХХІV з’езда КПСС. Узнагароджана залатым медалём “Серп і Молат” і двума ордэнамі Леніна.

 

Абрам Аронавіч Мацкоўскі

(20.07.1917 – 12.11.1978)

старшыня калгаса “Перамога”

 Герой Сацыялістычнай Працы

200717

 

Абрам Аронавіч Мацкоўскі нарадзіўся ў г. Клімавічы Магілёўскай вобласці. З 1933 г. працаваў машыністам на пладова-ягадным заводзе, мадэльшчыкам на Клімавічскай мэблевай фабрыцы. З 1937 г. – у Чырвонай Арміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1947 г. працаваў настаўнікам Чэрніхаўскай сярэдняй школы, дырэктарам Гарадзішчанскай электрастанцыі Баранавіцкага раёна. З 1957 г. кіраваў калгасам “Перамога” Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР (1973). Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена за поспехі ў выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі (1976). Узнагароджаны ордэнам Леніна (двойчы), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1971–1975). Імем А. А. Мацкоўскага названа вуліца ў пас. Жамчужны Баранавіцкага раёна.

 

Соф’я Несцераўна Пацукевіч

(08.08.1926–05.12.2008)

палявод

Герой Сацыялістычнай Працы

080826

 

Соф’я Несцераўна Пацукевіч нарадзілася ў в. Міцкавічы Баранавіцкага раёна. З 1950 г. – палявод, з 1961 г. – свінарка, загадчыца свінафермы калгаса “Зара камунізму” Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 08.04.1971 г. за поспехі ў выкананні плана па продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967–1971 гг.

 

Іван Пятровіч Першукевіч

(12.02.1912–25.12.1980)

чыгуначнік

 Герой Сацыялістычнай Працы

120212

 

Іван Пятровіч Першукевіч нарадзіўся ў в. Пятрэвічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Працаваў мулярам, потым слесарам дэпо ст. Орша. У 1934-1936 гг. служыў у Чырвонай Арміі. З 1939 г. пасля заканчэння трохгадовай тэхнічнай школы працаваў машыністам паравознага дэпо чыгуначнай станцыі ў Кіраўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну стаў ініцыятарам скораснага ваджэння франтавых эшалонаў. У ліпені 1942 г. года быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”. У кастрычніку 1943 г. “за асаблівыя заслугі ў забеспячэнні перавозак для фронту і народнай гаспадаркі і выдатныя дасягненні ў аднаўленні чыгуначнай гаспадаркі ў цяжкіх умовах ваеннага часу” прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.  Уручаны знак “Ганаровы чыгуначнік”. У 1946 г. вярнуўся ў Беларусь. Працаваў машыністам-інструктарам паравознага дэпо г. Баранавічы. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1947-1959 гг.). У жніўні 1957 г. узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго імем названа вуліца ў г. Баранавічы.

 

Мікалай Людвігавіч Светлік

(08.08.1904–07.02.1972)

работнік сельскай гаспадаркі

Герой Сацыялістычнай працы

 

080804

 

        Мікалай Людвігавіч Светлік нарадзіўся ў в. Паланэчка Баранавіцкага раёна. З 1939 г. рабочы-палявод, з 1944 г. звенавы звяна па вырошчванню канюшыны, з 1952–1966 гг. палявод эксперыментальнай базы “Вольна-Чэрніхава” Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1949 г. Памёр 7 лютага 1972 г., пахаваны на могілках у в. Вольна Баранавіцкага раёна. У 1973 г. на магіле ўстаноўлены абеліск. Узнагароджаны залатым медалём “Серп і Молат” і ордэнам Леніна.

 

Ілья Пятровіч Сянько

(05.05.1940–04.12.2017)

старшыня калгаса

Герой Сацыялістычнай Працы

050540

 

             Ілья Пятровіч Сянько нарадзіўся  ў в. Казлякевічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Працоўную дзейнасць пачаў у 1959 г. вучнем трактарнай брыгады калгаса Прагрэс Гродзенскага раёна. У 1965 г. скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці вучоны-аграном. Працаваў загадчыкам вытворчага ўчастка калгаса імя Леніна, галоўным аграномам калгаса 1-е Мая Гродзенскага раёна. Пасля службы ў радах Савецкай Арміі працягнуў працаваць галоўным аграномам у калгасе 1-е Мая. У 1967 г. абраны старшынёй калгаса Шлях да камунізму Гродзенскага раёна. З 1992 г. – старшыня сельскагаспадарчага калектыўнага прадпрыемства Абухава Гродзенскага раёна, якое ў 2003 г. пераўтворана ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў Абухава.

За дасягненні высокіх паказчыкаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1986 г. прысвоена званне  Героя Сацыялістычнай Працы. У 2000 г. прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. Узнагароджаны залатым медалём “Серп і Молат”, ордэнам Леніна (двойчы), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За доблесную працу”(1971). 10 чэрвеня 2010 г. Сянько Ільі Пятровічу прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна”.

 

Фёдар Пятровіч Сянько

(06.04.1936)

Герой Сацыялістычнай Працы

 кандыдат эканамічных навук

060436

 

Фёдар Пятровіч Сянько нарадзіўся ў в. Казлякевічы Баранавіцкага раёна. У 1957 г. закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў намеснікам старшыні калгаса ім. М. Калініна, з 1959 г. – старшынёй калгаса “Прагрэс” у Гродзенсікм раёне. З 1972 г. займаў пасаду першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. З 1979 г. міністр сельскай гаспадаркі Беларусі. У 1966–1970 гг., 1975–1980 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. З 1985 г. у ЦК КПСС. З 1990 г. намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржкамітэта БССР па сельскай гаспадарцы і харчаванню. Герой Сацыялістычнай Працы (1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). Кандыдат эканамічных навук (1972). У лютым–лістападзе 1991 г. намеснік прэм’ер-міністра СССР. Са снежня 1991 г. прэзідэнт ЗАТ “Агратэхналогія” (Масква). Член Кансультацыйнага Савета пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі РФ. Жыве ў г. Масква.

Метадычны веснік

bibliagazeta

Кніга ў горадзе

kniga11

HarryPotter

Букер экспрэс

buker