Праваслаўныя чытанні
Праваслаўныя чытанні “Духоўнасць і кніга”
З 2003 года ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В.П. Таўлая праводзіцца цыкл Праваслаўных чытанняў “Духоўнасць і кніга” ў якасці праграмы духоўнага выхавання насельніцтва. Кіраўнікамі праграмы з’яўляюцца кандыдат багаслоўя, настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскай царквы, протаіерэй Віталій Лазоўскі і намеснік дырэктара ЦБС па навуковай і вытворчай рабоце Л. С. Сяргейчык. На кожны год вызначаюцца і абмяркоўваюцца тэмы будучых чытанняў і іх колькасць, а таксама кандыдатуры супрацоўнікаў, адказных за падрыхтоўку выступленняў. Кожны жадаючы можа пазнаёміцца з запланаванымі мерапрыемствамі і нават атрымаць праграму Праваслаўных чытанняў на 2016 год (doc, 40 Kb), наведаўшы сектар абанемента ЦГБ імя В.П. Таўлая.
З першай сустрэчы ў ЦГБ склалася традыцыйная форма правядзення Праваслаўных чытанняў. Абавязкова з выступленнямі протаіерэя Віталія Лазоўскага ці свяшчэннікаў з іншых праваслаўных храмаў горада, бібліятэкараў, якія робяць агляды літаратуры, асвятляюць тэмы чытанняў; з разгорнутымі кніжнымі і іншымі экспазіцыямі; выступленнем царкоўнага хору; адказамі на пытанні прысутных. У той жа час, пры падрыхтоўцы кожнай тэмы адбываецца пошук нейкіх новых элементаў, каб мерапрыемствы не былі падобныя, каб не пераўтварыліся ў павучальныя лекцыі. Напрыклад, сярод формаў чытанняў: слайд-праграма “Біблейскія сюжэты ў сусветным мастацтве”, стэндавая прэзентацыя “Свята-Пакроўскі сабор – цэнтр праваслаўнай асветы і духоўнага адраджэння”, CD-падарожжа “Па біблейскіх мясцінах”, Дні праваслаўнай кнігі. Узвышаюць, надаюць духоўны ўздым прысутным выступленні царкоўнага хору Свята-Аляксандра-Неўскага храма. Дзякуючы наяўнасці значнай колькасці відэафільмаў праваслаўнай тэматыкі, амаль кожнае мерапрыемства суправаджаецца паказам урыўкаў фільмаў па тэме. З 2008 года ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя В.П. Таўлая праходзілі праваслаўныя кінасеансы. З 2014 года кінасеансы будуць арганізаваны для навучэнцаў школ горада, а іншым гараджанам касеты, CD-дыскі з запісамі фільмаў выдаюцца на дом на 10 дзён.
Тэматыка чытанняў разнастайная: ад тлумачэння з’яў рэлігійнага жыцця, царкоўных традыцый, канонаў, таінстваў да такога, здавалася б, свецкага пытання як “Роля жанчыны ў сучасным грамадстве”. Пачынаючы з 2008 года сустрэчы ў межах Праваслаўных чытанняў адбываюцца не толькі ў ЦГБ імя В.П. Таўлая, але і ў бібліятэках-філіялах, а ў летні перыяд – у выязных аздараўленчых лагерах. Да кожных чытанняў бібліятэка атрымлівае ў дар ад Свята-Аляксандра-Неўскай царквы значную колькасць літаратуры па абранай тэме. У сектары абанемента ЦГБ імя В.П.Таўлая створана калекцыя праваслаўнай літаратуры “Свет праваслаўя”.
6 снежня 2010 года ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В.П. Таўлая адбылося падпісанне Дамовы аб супрацоўніцтве (doc,33.5 Kb) паміж Пінскай Епархіей Праваслаўнай царквы і Цэнтралізаванай бібліятэчнай сітэмай г. Баранавічы на 2011-2015 гг. З гэтай нагоды бібліятэку наведаў Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан.
У 2011 годзе прынята Праграма духоўнай асветы “Хрысціянскія каштоўнасці” (doc, 243 Kb) на 2011-2015 гады, якая прадугледжвае мэтанакіраваную дзейнасць бібліятэк ЦБС па ўмацаванню культурных, духоўных і маральных традыцый грамадства, папулярызацыі праваслаўнай культуры, духоўна-маральнай асвеце грамадзян, у асаблівасці маладога пакалення, далучэнню іх да вытокаў праваслаўя праз чытанне літаратуры духоўнага зместу.
Электронная прэзентацыя з вопыту работы бібліятэк ЦБС “Вера. Православие. Книга” (ppt, 3.83 Mb) распавядае аб асноўных этапах супрацоўніцтва ЦБС г. Баранавічы і Свята-Аляксандра-Неўскай царквы за перыяд 2003-2013 гг.