Культурна-асветніцкая дзейнасць
Бібліятэка… Такое знаёмае і блізкае ўсім слова. А яшчэ яе называюць “скарбніцай думак”, “храмам кнігі”, “кнігасховішчам мудрасці”, “аптэкай для душы”… З глыбокай старажытнасці, на працягу стагоддзяў бібліятэкі служылі людзям. І на сённяшні дзень застаюцца цэнтрамі інфармацыі і асветы. Бо менавіта кнігі – гэта памяць чалавецтва, у іх – наша гісторыя, у іх – адкрыцці, веды і вопыт пакаленняў. Яны напаўняюць розум добрымі і глыбокімі думкамі і узвышаюць душы.
Але сучасныя бібліятэкі не толькі трымальніцы кніг і іншых інфармацыйных рэсурсаў: перыёдыкі, выяўленчых матэрыялаў, аўдыёвізуальных дакументаў, CD-выданняў. Яны з’яўляюцца важным элементам культурнага асяроддзя рэгіёна. Перад імі стаіць задача не толькі захоўваць культурную спадчыну, але і актыўна папулярызаваць яе разнастайнымі сродкамі.
Бібліятэкі ДУК "ЦБС г. Баранавічы" садзейнічаюць адраджэнню нацыянальнай культуры Беларусі, прапагандзе яе гісторыі і лепшых набыткаў, вывучэнню і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны горада і раёна. Не менш актуальна выхаваўчая функцыя бібліятэк, накіраваная на фарміраванне духоўных патрэбнасцей карыстальнікаў: патрыятычнае, эстэтычнае, прававое, экалагічнае, маральнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця і г.д.
Культурна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк ажыццяўляецца праз разнастайныя формы і метады масавай работы. Тут рыхтуюцца святы кнігі, прэзентацыі, вечарыны, Праваслаўныя чытанні, творчыя сустрэчы, адкрыцці мастацкіх вернісажаў; афармляюцца цыклы кніжных выставак, прагляды літаратуры, тэматычныя экспазіцыі; праходзяць пасяджэнні аматарскіх аб’яднанняў, Дні ведаў, Тыдні абітурыентаў, Таўлаеўскія чытанні і г.д. Асноўная задача масавай работы – гэта, безумоўна, папулярызацыя літаратуры. Праз кожнае мерапрыемства чырвонай стужкай праходзіць менавіта гэта мэта, хаця пабочна мы можам гаварыць і аб арганізацыі вольнага часу наведвальнікаў, і аб выхаваўчым уздзеянні на духоўны свет, асабліва калі аўдыторыя мерапрыемства дзіцячая ці юнацкая.
Штогод у бібліятэках ДУК "ЦБС г. Баранавічы" праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў для розных катэгорый чытачоў: пажылых людзей, моладзі, дзяцей. Іх тэматыка залежыць ад падзей грамадскага жыцця краіны, звяртаецца ўвага на даты календара (асабліва мастацкага, літаратурнага, гістарычнага характару); вывучаюцца патрэбы саміх наведвальнікаў. Усё гэта ўлічваецца пры распрацоўцы планаў работы бібліятэк на год. Але існуюць формы мерапрыемстваў, правядзенне якіх стала традыцыяй. Яны ствараюць своеасаблівы воблік бібліятэк, робяць нашы ўстановы вядомымі ў горадзе, дзякуючы сваёй актуальнасці і запатрабаванасці грамадскасцю шырока асвятляюцца СМІ.
Да ліку такіх мерапрыемстваў можна аднесці:
►Таўлаеўскія чытанні
►Праваслаўныя чытанні “Духоўнасць і кніга”
►Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі
►Свята кнігі
►Гарадскі конкурс летняга чытання “Лета і кніга”
►Прэзентацыі і прэм’еры кніг
►Выстаўкі работ мастакоў горада
►Дні інфармацыі
►Дні ведаў
►Тыдзень абітурыента
►Тыдзень прэсы
►Краязнаўчыя ўрокі
►Гучныя чытанні
►Экскурсіі-знаёмства з бібліятэкамі
►Сустрэчы з пісьменнікамі і творчымі асобамі
►Праваслаўныя кінасеансы