ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. “Палажэнне аб платных паслугах” (далей – Палажэнне) распрацавана з мэтай упарадкавання механізму аказання платных (дадатковых) паслуг бібліятэкамі ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Баранавічы” (далей – Бібліятэка).
2. Платныя паслугі з’яўляюцца формай ініцыятыўнай гаспадарчай дзейнасці Бібліятэкі, якая зарыентавана на задавальненне дадатковых нетрадыцыйных запытаў розных груп карыстальнікаў і прадугледжвае кампенсаваны характар узаемаадносін з імі.
3. Дадзенае Палажэнне вызначае адзіныя правілы прыёму, афармлення заказу і разліку за платныя паслугі, якія прапануе Бібліятэка.
4. Дзейнасць Бібліятэкі па аказанню платных паслуг рэгламентуецца наступнымі дакументамі:
Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры 20.07.2016 г. № 413-З;
Законам Рэспублікі Беларусь “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” 10.11.2008 г. № 455-З;
Законам Рэспублікі Беларусь “Аб цэнаўтварэнні” 10.05.1999 г. № 255-З;
Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” 09.01.2002 № 90-З;
Законам Рэспублікі Беларусь “Аб навукова-тэхнічнай інфармацыі” 05.05.1999 г. № 250-З;
Законам Рэспублікі Беларусь “Аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе” 28.12.2009 г. № 113-З;
Законам Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” 17.05.2011 г. № 262-З;
Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь 07.12.1998 г. № 218-З;
Статутам ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Баранавічы”;
“Правіламі карыстання бібліятэкамі ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Баранавічы”;
дадзеным Палажэннем;
Прэйскурантам цэн на платныя паслугі, якія аказвае Бібліятэка.
5. Платныя паслугi прадастаўляюцца Бібліятэкай фiзiчным i юрыдычным асобам з мэтай:
рэалiзацыi iх права на задавальненне дадатковых патрэбнасцей;
павышэння эфектыўнасцi выкарыстання бiблiятэчных рэсурсаў;
прыцягнення дадатковых фiнансавых сродкаў з пазабюджэтных крынiц;
умацавання матэрыяльна-тэхнiчнай базы Бiблiятэкі;
матэрыяльнага заахвочвання супрацоўнiкаў.
6. Укараненне платных паслуг не дапускае знiжэння аб’ёмаў выканання бясплатных паслуг i якасцi асноўнай дзейнасцi Бiблiятэкі.
7. Платныя паслугi па зместу падзяляюцца на групы:
профiльныя (звязаны з выкананнем асноўных функцый Бiблiятэкі звыш нарматываў);
дадатковыя (звязаны з выкарыстаннем форм i метадаў работы, вiдаў дзейнасцi, якiя не характэрны для Бiблiятэкі).
8. Вынiковыя прадукты дзейнасцi па аказанню платных паслуг iснуюць у дзвюх асноўных формах: матэрыялiзаванай (прадукцыя) i нематэрыялiзаванай (непасрэдна паслуга).
9. Наменклатура платных паслуг складаецца з улiкам бясплатнасцi асноўнай, фiнансуемай з бюджэту, дзейнасцi, спажывецкага попыту i магчымасцей Бiблiятэкi. Яна перыядычна карэкцiруецца ў залежнасцi ад стану рынкавай кан’юнктуры.
9.1. У выпадку, калі асобныя віды платных паслуг падлягаюць ліцэнзаванню ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка прадастаўляе такія віды паслуг пасля атрымання адпаведных ліцэнзій.
9.2. На асобныя віды платных паслуг Бібліятэка распрацоўвае дадатковыя палажэнні (правілы), якія зацвярджаюцца дырэктарам Бібліятэкі.
10. У залежнасцi ад тэрмiнаў выканання i складу работ прадастаўленне паслуг можа быць аднаразовым i доўгатэрмiновым.
10.1. Аднаразовыя платныя паслугi фiзiчным асобам прадастаўляюцца на падставе вусных альбо пісьмовых заказаў. На выкананне доўгатэрмiновых паслуг можа складацца дагавор.
10.2. Платныя паслугi для юрыдычных асоб (аднаразовыя i доўгатэрмiновыя) выконваюцца толькi на падставе дагавора.
11. Бібліятэка мае права ўстанаўліваць льготы для асобных катэгорый чытачоў (пры наяўнасці дакумента, падцвярджаючага права на льготу), абмежаванні і ўмовы карыстання асобнымі відамі платных паслуг (дадатак 1).
12. Бібліятэка ажыццяўляе шырокае інфармаванне насельніцтва аб магчымасцях атрымання існуючых відаў платных паслуг, парадку іх прадастаўлення.
ГЛАВА 2
АРГАНІЗАЦЫЯ РАБОТЫ ПА АКАЗАННЮ ПЛАТНЫХ ПАСЛУГ
13. У дзейнасцi па аказанню платных паслуг прымаюць удзел paботнiкi структурных падраздзяленняў Бібліятэкі, работнiкi філіяла па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў культуры ДУ “Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый горада Баранавічы”.
14. Бібліятэка-выканаўца ажыццяўляе:
прыём заказаў на платныя паслугi;
непасрэднае выкананне заказаў;
разлік за паслугі з карыстальнікамі: прыём наяўных грошай у касу Бібліятэкі і выдача дакумента ўстаноўленага ўзору (прыходны ордэр ці касавы чэк), а таксама аперацыі, якія звязаны з рухамі грашовых сродкаў у касе ў адпаведнасці з правіламі вядзення касавых аперацый у Рэспубліцы Беларусь;
справаздачу аб выкананні платных паслуг ва ўстаноўленым парадку.
15. Адміністрацыя Бібліятэкі ажыццяўляе:
планаванне наменклатуры платных паслуг;
каардынацыю i кантроль за дзейнасцю па аказанню платных паслуг структурнымі падраздзяленнямі Бібліятэкі і іх рэкламу;
справаздачу аб выкананнi платных паслуг ва ўстаноўленым парадку.
16. Філіял па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў культуры ДУ “Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый горада Баранавічы”:
ажыццяўляе разлiк кошту платных паслуг на падставе працазатрат;
вядзе ва ўстаноўленым парадку ўлiк заробленых Бібліятэкай грашовых сродкаў;
афармляе дагаворы са спажыўцамi на аказанне платных паслуг;
забяспечвае адлiчэннi плацяжоў у дзяржаўны бюджэт у адпаведнасцi з падатковым заканадаўствам;
пры безнаяўным разлiку выпiсвае рахункi заказчыкам на аказанне платных паслуг;
ажыццяўляе фiнансавую справаздачу і кантроль за мэтавым спажываннем фінансавых сродкаў.
17. Адказнасць за арганiзацыю, ажыццяўленне i якасць платных паслуг нясуць адмiнiстрацыя Бібліятэкі, кiраўнiкi структурных падраздзяленняў Бібліятэкі, філіял па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў культуры ДУ “Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый горада Баранавічы”, непасрэдныя выканаўцы.
17.1. Адказнасць за правільнасць прыёму грашовых сродкаў і афармленне дакумента ўстаноўленага ўзору (прыходны ордэр ці касавы чэк) нясе супрацоўнік, які іх ажыццяўляе.
17.2. Адказнасць за стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць захаванасць грашовых сродкаў, нясе дырэктар Бібліятэкі.
17.3. Сістэматычны кантроль за афармленнем справаздачна-фінансавых дакументаў па платных паслугах ажыццяўляе бухгалтар філіяла па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў культуры ДУ “Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый горада Баранавічы”.
ГЛАВА 3
ФАРМІРАВАННЕ ЦЭН НА ПЛАТНЫЯ ПАСЛУГІ І РАЗЛІКІ З ЗАКАЗЧЫКАМІ
18. Цэны на платныя паслугi ўстанаўлiваюцца філіялам па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў культуры ДУ “Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый горада Баранавічы” з улiкам:
сабекошту работы;
плануемай рэнтабельнасцi;
падаткаў у адпаведнасцi з парадкам цэнаўтварэння;
асобых умоў (тэрмiновасць, складанасць, сэрвiснасць i г.д.).
Для асобных груп сацыяльна-эфектыўных паслуг цэны могуць устанаўлiвацца на ўзроўнi сабекошту (калi забяспечваецца толькi акупнасць паслугi).
19. Асобным катэгорыям карыстальнiкаў, якiя маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, платныя паслугi прадастаўляюцца на льготных умовах, якiя прадугледжаны заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, i па рашэнню адмiнiстрацыi Бібліятэкі.
20. Цана на платную паслугу ўключае ўсе цэнаўтвараючыя элементы ў адпаведнасцi з дзеючым у Рэспублiцы Беларусь парадкам цэнаўтварэння.
21. Разлiк планавага сабекошту ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з дзеючымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
22. Затраты, якiя ствараюць сабекошт прадукцыi (паслуг), групуюцца ў адпаведнасцi з ix эканамiчным зместам па наступных элементах:
матэрыяльныя затраты (кошт матэрыялаў вызначаецца, зыходзячы з фактычна дзеючых цэн);
расходы на аплату працы;
адлiчэннi на сацыяльныя патрэбы;
iншыя затраты.
23. Прыбытак ад выканання платнай паслугi плануецца ў залежнасцi ад цэнавай палiтыкi Бібліятэкі, спажывецкага попыту, канкурэнцыi, дзяржаўнага рэгулявання рынкавых цэн.
24. Поўны кошт платнай паслугi своечасова карэкцiруецца ў адпаведнасцi са змяненнямi iндэксаў цэн (тарыфаў) на вырабляемыя тавары (паслугi, работы).
25. Згодна з наменклатурай платных паслуг распрацоўваецца прэйскурант цэн з указаннем тэрмiну ix дзеяння, якi зацвярджаецца дырэктарам Бібліятэкі.
У выпадку паступлення запыту на паслугу, якая адсутнiчае ў прэйскуранце, устанаўлiваецца дагаворная цана на падставе разавай калькуляцыi.
26. Разлiк за платныя паслугi ажыццяўляецца:
наяўнымi грашыма ў беларускіх рублях з выдачай касавага чэка ўстаноўленага ўзору ў кожным структурным падраздзяленні Бібліятэкі;
безнаяўным адлiчэннем праз філіял па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў культуры ДУ “Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый горада Баранавічы”.
27. Падставай для разлiкаў з заказчыкамi з’яўляюцца:
вусны заказ ці запоўнены нарад-заказ з адзнакай аб выкананнi паслугi;
акт выкананых работ;
заключаны дагавор (для перадаплаты).
28. Прыём грашовых сродкаў здзяйсняецца службовымі асобамі ў кожным структурным падраздзяленні Бібліятэкі, на якіх загадам дырэктара Бібліятэкі ўскладзены гэтыя абавязкі і з якімі заключаны дагавор аб матэрыяльнай адказнасці аддзелам культуры Баранавіцкага гарвыканкама.
28.1. Кожнаму структурнаму падраздзяленню загадам дырэктара Бібліятэкі ўстаноўлены ліміт касы.
28.2. Атрыманыя за платныя паслугі сродкі паступаюць на пазабюджэтны рахунак у Філіял № 802 Беларусбанка.
ГЛАВА 4
РАЗМЕРКАВАННЕ ДАХОДАЎ
29. Улiк атрыманых сродкаў ад аказання платных паслуг ажыццяўляецца на асобным пазабюджэтным рахунку аддзела культуры Баранавіцкага гарвыканкама.
30. Выкарыстанне фінансавых сродкаў, атрыманых ад платных паслуг, ажыццяўляецца ў рамках зацверджаных каштарысаў і фактычнага паступлення даходаў.
31. Размеркаванне даходаў ад платных паслуг ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з “Палажэннем аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў, ажыццяўлення выдаткаў, звязаных з дзейнасцю, што прыносіць даходы, напрамках і парадку выкарыстання сродкаў, што застаюцца ў распараджэнні бюджэтнай арганізацыі” № 641 ад 19.07.2013, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
32. Атрыманыя сродкi выкарыстоўваюцца на:
аплату працы непасрэдна занятых у аказаннi паслуг спецыялiстаў;
эканамiчнае стымуляванне (надбаўкi, прэмii) работнiкаў iншых падраздзяленняў Бібліятэкі;
развiццё фонду сацыяльнай падтрымкi калектыву;
матэрыяльна-тэхнiчнае (вытворчае) развiццё Бібліятэкі;
забеспячэнне выканання платных паслуг расходнымі матэрыяламі;
бягучыя выдаткі па ўтрыманню Бібліятэкі (камунальныя паслугі, паслугі сувязі і інш.), звязаныя з яе асноўнай дзейнасцю;
правядзенне культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў.
33. Размеркаванне сродкаў ажыццяўляецца штомесячна.
Дадатак 1
да Палажэння аб платных паслугах
ЛЬГОТЫ. АБМЕЖАВАННІ.
УМОВЫ КАРЫСТАННЯ АСОБНЫМІ ВІДАМІ ПЛАТНЫХ ПАСЛУГ
1. Чытацкі білет выдаецца за плату тэрмінам на 4 гады згодна з Прэйскурантам цэн на платныя паслугі. У выпадку яго страты выдаецца новы на агульных умовах. Пасля заканчэння тэрміна дзеяння чытацкага білета новы выдаецца за плату. Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам, дашкольнікам і школьнікам па 9 клас уключна чытацкі білет выдаецца бясплатна.
2. Інваліды, дзеці са шматдзетных сем’яў з цяжкім матэрыяльным становішчам, кіраўнікі дзіцячага чытання, якія суправаджаюць дзяцей, прысутнічаюць на платных мерапрыемствах Бібліятэкі бясплатна.
3. Прадаўжэнне карыстання дакументамі звыш устаноўленага тэрміну з’яўляецца платнай паслугай.
4. Выхадныя, святочныя і санітарныя дні ўваходзяць у плату за выдачу і карыстанне дакументамі з фондаў Бібліятэкі.
5. Карыстальнікі, якія не маюць баранавіцкай рэгістрацыі, могуць карыстацца платнымі паслугамі акрамя выдачы дакументаў з фондаў Бібліятэкі.
6. Бібліятэка не прымае на капіраванне, раздрукоўку на прынтары дакументы антыдзяржаўнага характару.
7. Свабодна могуць капіравацца асобныя артыкулы і малааб’ёмныя творы, правамерна апублікаваныя ў зборніках, часопісах, газетах і іншых выданнях, а таксама кароткія ўрыўкі з правамерна апублікаваных пісьмовых твораў з ілюстрацыямі і без ілюстрацый.
8. У мэтах захаванасці фонду рэдкіх і каштоўных выданняў Бібліятэка пакідае за сабою права адмовы ў капіраванні і выдачы на дом гэтых дакументаў.
9. Льготная скідка 25 % на капіраванне матэрыялаў прадастаўляецца ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам І-ІІ груп, інвалідам-дзецям.